НавіныПрадуктЯпонія
2 хв чытання
AI-кампаньёны ад стваральнікаў MSQRD з’явяцца на 3D-дысплеі Sony

З AI-персанажамі ўжо балбочуць, жартуюць і разыгрываюць сцэны. Цяпер Sony і стартап з беларускімі каранямі Animation Inc. правяраюць, ці захочуць карыстальнікі пасяліць такога суразмоўцу ў сябе на стале. Animates, праграма стартапа, увайшла ў першую чацвёрку сумяшчальных праграм для новага дысплея Sony ELF-MN1. Продажы ў Японіі запланаваныя на 11 снежня 2026 года.
Персанажы Animates адказваюць голасам і запамінаюць папярэднія размовы. Аватар можа кіўнуць ці ўсміхнуцца, пакуль вы гаворыце. Каб рэакцыя была дарэчнай, мадэль анімацыі ад Animation Inc. генеруе рухі проста на прыладзе ў рэальным часе, падчас размовы. На шасціцалевым дысплеі Sony аватар будзе бачны ў аб’ёме без акуляраў. Аднаго з персанажаў карыстальнікі ўжо ведаюць: гэта Ani з Grok, анімаваны 3D-кампаньён у стылі гатычнай лаліты. У жніўні 2026 года Ani з’явілася ў Animates.
Сяргей Ганчар, CEO Animation Inc., прадставіў стартап у LinkedIn у верасні 2024 года і паказаў, як мадэль анімацыі працуе з галасавым рэжымам ChatGPT. 22 кастрычніка 2026 года ён паведаміў, што за першыя сем тыдняў пасля запуску Animates набрала больш за 230 тысяч карыстальнікаў. Акрамя Ганчара, над праектам працуюць Яўген Зацяпякін і Яўген Неўгень. Усе трое заснавалі MSQRD, які Facebook набыў у сакавіку 2016 года. У Animation Inc. таксама працуюць удзельнікі каманды Loóna.
Паводле базы SVTR, у сакавіку 2025 года Animation Inc. прыцягнула $4 млн у раўндзе Pre-Seed ад DVC, True Ventures, Coughdrop Capital і Elefund.
На смартфонах за размовы з AI-кампаньёнамі ўжо плацяць. Паводле звестак Appfigures, за першае паўгоддзе 2025 года такія праграмы зарабілі $82 млн. Appfigures налічыла 337 актыўных праграм, якія прыносілі выручку па ўсім свеце.
На AI-кампаньёнаў робіць стаўку і Meta: у верасні 2026 года Марк Цукерберг паказаў Muse Realtime Avatar на Meta Connect. Тэхналогія Meta генеруе відэа з выявы персанажа падчас размовы, а мадэль Animation Inc. разлічвае рухі 3D-персанажа проста на прыладзе.
Animation Inc. таксама супрацоўнічае з вытворцам гульнявой перыферыі Razer. У студзені 2026 года на CES Razer паказала настольнага кампаньёна Project AVA з аватарамі, створанымі Animation Inc.
Калі матэрыял быў карысны, пачастуйце рэдакцыю кавай. Ваша падтрымка дапамагае нам працягваць размаўляць з фаўндарамі і дзяліцца іх досведам.
Пачаставаць рэдакцыю кавай (адкрыецца ў новай укладцы)BYGRID Team