НавіныПрадукт

3 хв чытання

Banuba дапамагае «прымерыць» вініры і брэкеты да візіту да стаматолага

Дзяўчына ўсміхаецца побач з экранам, на якім паказана віртуальная прымерка ўсмешкі Your Social Smile
Выява: Banuba

Banuba, кампанія з беларускімі каранямі, мае юрыдычныя асобы ў ААЭ і на Кіпры. Яна распрацавала тэхналогію «прымеркі» новай усмешкі. Яе выкарыстоўвае Your Social Smile (YSS) — платформа для стаматалагічных клінік, прадстаўленая на рынках ЗША, Канады, ЕС і ААЭ. 22 кастрычніка Banuba абвясціла пра стратэгічнае партнёрства з YSS.

YSS выкарыстоўвае два тыпы мадэлявання ўсмешкі на базе тэхналогій Banuba: візуалізацыю праз камеру ў рэальным часе і візуалізацыю на аснове фотаздымку. У першым выпадку можна ўбачыць, як на ўсмешку паўплываюць адбельванне зубоў (можна «прымерыць» тры адценні — A2, B1 і BL2), усталяванне брэкетаў, увядзенне філераў у вусны або змяненне іх формы.

Інтэрфейс Your Social Smile з трыма адценнямі адбельвання зубоў: A2, B1 і BL2
Віртуальная прымерка адценняў адбельвання зубоў у Your Social Smile

Image Credits: Your Social Smile

З дапамогай візуалізацыі на аснове фота можна ўбачыць, як зменіцца знешнасць пры замяшчэнні адсутных зубоў, пасля іх выраўноўвання або ўсталявання вініраў. Your Social Smile прапануе клінікам тры бясплатныя сімуляцыі на фотаздымках іх пацыентаў.

Апісваючы гэты прадуктовы кейс, каманда Banuba адзначае, што YSS выбрала яе тэхналогіі за натуральнасць выніку і магчымасць працаваць у браўзеры без усталявання дадатковага праграмнага забеспячэння. Гатовая тэхналогія дазволіла камандзе YSS засяродзіцца на запісе пацыентаў, аналітыцы і працоўных працэсах клінік. «Да пачатку супрацоўніцтва з Banuba мы патрацілі гады, спрабуючы стварыць рэалістычную візуалізацыю ўсмешкі з дапамогай іншых каманд, якія спецыялізуюцца на дапоўненай рэальнасці і камп’ютарным зроку. Нам ніяк не ўдавалася ўвасобіць тое, што мы задумалі для YSS. З Banuba ўсё склалася само сабой, і разам мы стварылі прадукты, якія вылучаюцца на фоне астатніх прапаноў у нашай галіне», — адзначае доктар Шуайб Хадэры, заснавальнік і гендырэктар Your Social Smile.

Працуючы над гэтым праектам, Арт Палзуноў, прадуктовы дырэктар Banuba, зрабіў некалькі назіранняў. Па-першае, «стварыць» прыгожую ўсмешку лёгка. Складаней зрабіць так, каб чалавек застаўся падобным да самога сябе. Пры гэтым натуральнасць нават важнейшая за бездакорнасць: ідэальная ўсмешка на экране можа стварыць чаканні, якіх лячэнне не апраўдае. Па-другое, стаматолагаў нельга перагружаць дадатковымі задачамі: у іх і так шмат працы. Таму важную ролю ў выкарыстанні платформы адыгрываюць адміністратары і гігіеністы.

Для Banuba гэты кейс — працяг працы з тэхналогіямі апрацоўкі выяў твару і дапоўненай рэальнасці. Напрыклад, у ліпені Banuba запусціла Easy Virtual Try-On — рашэнне для віртуальнай прымеркі без напісання кода, звязанае з яе платформай TINT. Паводле Banuba, крама можа запусціць AR-прымерку акуляраў або касметыкі прыкладна за пяць хвілін без удзелу распрацоўшчыкаў і дызайнераў. TINT выкарыстоўвае, напрыклад, бразільскі касметычны брэнд Océane. Як паведамляе Banuba, доля карыстальнікаў віртуальнай прымеркі, якія дадалі тавар у кошык, дасягала 32%.

Сярод кліентаў свайго напрамку Face AR SDK Banuba называе Gucci, Oriflame, Schwarzkopf і Henkel, сэрвісы відэасувязі RingCentral і Vidyo, а таксама Match Group, якая працуе на рынку анлайн-знаёмстваў.

Калі матэрыял быў карысны, пачастуйце рэдакцыю кавай. Ваша падтрымка дапамагае нам працягваць размаўляць з фаўндарамі і дзяліцца іх досведам.

Пачаставаць рэдакцыю кавай (адкрыецца ў новай укладцы)
Падзяліцца