НавіныПадзеіВаршава

3 хв чытання

Future Leaders Forum & Gala: таленавітыя беларусы з усяго свету сустрэнуцца ў Варшаве 14 лістапада

Афіша Future Leaders Forum & Gala з фотакалажам і датай падзеі, 14 лістапада ў Варшаве
Выява: Школа кампетэнцый і BFLA

14 лістапада Школа кампетэнцый і BFLA правядуць у Варшаве Future Leaders Forum & Gala. Замест панэльных дыскусій і дакладаў у дзённай праграме будуць кароткія гісторыі, Q&A і размовы, да якіх можа далучыцца кожны. Увечары — закрытая гала ў гонар удзельнікаў спісу Next 35. Удзел бясплатны, але патрэбная рэгістрацыя.

Улетку Школа кампетэнцый і BFLA запусцілі Next 35 — першы штогадовы спіс 35 маладых беларусаў і беларусак, якія будуюць кар’еры і запускаюць праекты на міжнародным узроўні. Заяўкі прымалі ў ліпені. У спісе сем катэгорый — Rising Stars, Impact, Innovators, Builders, Creators, Artists і Science & Thinkers.

Next 35 — зрэз пакалення беларускіх прафесіяналаў, якія працуюць па ўсім свеце. Удзельнікаў спісу не ранжыруюць. У падрыхтоўцы спісу ўдзельнічалі дарадцы з розных галін. Сярод іх — сузаснавальнік EPAM Systems Леанід Лознер, музычны прадзюсар Мікалай Скробат, сузаснавальніца Verv Любоў Пашкоўская, дацэнт Гарвардскай медыцынскай школы Юрый Папоў і рэжысёрка Дар’я Жук. На форуме з удзельнікамі і дарадцамі можна будзе сустрэцца асабіста.

На галоўнай сцэне ўдзельнікі Next 35 падзеляцца досведам працы ў розных галінах і пакажуць праекты ў бізнесе, навуцы, тэхналогіях і мастацтве. У Relax Zone пройдуць нефармальныя размовы і выступы, разбор асабістых брэндаў беларускіх знакамітасцяў і фаўндараў са спецыялісткай па брэндынгу і камунікацыях Аленай Козуб, а таксама жывое шоу Максіма Паршуты і Насты Рагаткі. У перапынках можна будзе пазнаёміцца з іншымі гасцямі і завітаць у партнёрскія зоны.

Дзённую праграму адкрые Дар’я Жук, рэжысёрка і дарадца Next 35. Бліжэй да завяршэння форуму па відэасувязі далучыцца Дзяніс Ярац, сузаснавальнік і тэхнічны дырэктар Perplexity, і адкажа на пытанні з залы пра жыццё і тэхналогіі.

На галоўнай сцэне таксама выступяць відэографка Дар’я Загорская, інжынерка-даследчыца Рыта Курбан, архітэктар венскага бюро trans_city Раман Лявошка, сузаснавальніца digital-агенцтва Fands Алеся Шчарбіна, заснавальнік Terra Group і суарганізатар Tech Race Віталь Крыўко, дырэктар па распрацоўцы ў Deel Мікіта Манічаў ды іншыя. Яны раскажуць, як ранні пераезд паўплываў на іх кар’еры і як яны нанова выбудавалі прафесійнае жыццё ў іншай краіне.

Лекар і навуковец Улад Тарэшчанка, фотамастачка Саша Вялічка ды іншыя ўдзельнікі спісу Next 35 пакажуць свае праекты. Дзмітрый Багданаў, даследчык Periodic Labs і сааўтар адной з першых прац пра механізм увагі ў нейрасетках, далучыцца да галоўнай сцэны з Канады.

Увечары форум ператворыцца ў закрытую галу ў гонар удзельнікаў спісу Next 35. У праграме — ушанаванне ўдзельнікаў спісу, жывы музычны сэт і afterparty. Вакол форуму таксама плануюцца шпацыры па беларускай Варшаве, нефармальныя сустрэчы і знаёмствы. Апошнія абнаўленні — на сайце праекта.

Пра арганізатараў

Школа кампетэнцый — адукацыйны праект і супольнасць для беларусаў і беларусак, якія развіваюць навыкі для прафесійнага жыцця і грамадскіх змен. Школа праводзіць курсы, інтэнсівы, хакатоны і ментарскія праграмы і супрацоўнічае з больш як 100 экспертамі і ментарамі.

Belarus Future Leadership Award (BFLA) — беларуская прэмія для маладых лідараў, прадпрымальнікаў, даследчыкаў і аўтараў ідэй. Вакол прэміі выраслі форум і супольнасць маладых беларускіх прафесіяналаў па ўсім свеце.

Калі матэрыял быў карысны, пачастуйце рэдакцыю кавай. Ваша падтрымка дапамагае нам працягваць размаўляць з фаўндарамі і дзяліцца іх досведам.

Пачаставаць рэдакцыю кавай (адкрыецца ў новай укладцы)
Падзяліцца