НавіныProduct
2 хв чытання
GRAI атрымала ліцэнзію на патэнты Music IP Holdings для працы з AI-музыкай

У эпоху AI стварэнне рэмiксаў, кавераў і ўласных версій любімых песень даступна кожнаму. Але для музычнай індустрыі гэта стварае праблему: як дазволіць такое выкарыстанне, адсочваць новыя версіі, плаціць праваўладальнікам? GRAI стала адной з першых кампаній, якія атрымалі ліцэнзію на патэнтны партфель Music IP Holdings (MIH), што прапануе інфраструктуру для вырашэння гэтай задачы.
Music IP Holdings узнікла ў выніку стратэгічнага партнёрства Universal Music Group і Liquidax Capital. Партфель MIH уключае 24 выдадзеныя або ўхваленыя патэнты і больш за 50 заявак. Яны ахопліваюць шырокі спектр працы з AI-кантэнтам: карыстальніцкія промпты, мадэрацыю, устаноўку вадзяных знакаў, ідэнтыфікацыйных метак, аўтарызацыю, ліцэнзіраванае распаўсюджванне, выплаты. Прычым патэнты распаўсюджваюцца не толькі на музыку, але і на відэа, выявы, тэксты, выкарыстанне імя і вобраза чалавека.
Як тлумачыць Андрэй Аўсіевіч, кафаўндар GRAI, праца MIH грунтуецца на трох найважнейшых прынцыпах: «артысты вырашаюць, што будзе створана, яшчэ да пачатку працэсу; кожная ўхваленая версія адсочваецца; кожнае выкарыстанне аплочваецца».
Апроч GRAI ліцэнзію на выкарыстанне патэнтаў MIH таксама атрымала Udio. Стартапы змогуць выкарыстоўваць тэхналогіі для ліцэнзіраваных кавераў, рэмiксаў і іншых інтэрактыўных музычных фарматаў.
GRAI – кампанія, заснаваная ў 2025 годзе камандай стартапа Vochi (яго набыў Pinterest). Развівае сацыяльны музычны стрымінг і ўласную AI-мадэль, навучаную на ліцэнзаваных даных. Ідэя GRAI – даць карыстальнікам магчымасць узаемадзейнічаць з музыкай і змяняць яе пры захаванні кантролю праваўладальнікаў, выплат аўтарам і выканаўцам. Раней стартап прыцягнуў 9 млн долараў у межах seed-раўнда, які ўзначаліў фонд Khosla Ventures пры ўдзеле Inovo VC, Tensor Ventures, Tiny Supercomputer Investment Company, Flyer One Ventures і інш.
BYGRID Team