НавіныProduct
2 хв чытання
Праверыць радзімку – у аптэцы: Skinive запусціў новы пілотны праект у Францыі

HealthTech-стартап Skinive запусціў пілотны праект свайго дадатку Skinive MD у аптэцы Pharmacie Notre-Dame ў Рокфор-ле-Пене на поўдні Францыі. Паводле дадзеных кампаніі, гэта першая грамадская аптэка ў Францыі, якая тэсціруе Skinive MD для выяўлення патэнцыйна небяспечных утварэнняў на скуры з дапамогай AI і лічбавай дэрматаскапіі.
Фармацэўт робіць здымак радзімкі ці іншага ўтварэння лічбавым дэрматаскопам, пасля чаго Skinive MD аналізуе выяву. Калі сістэма выяўляе прыкметы, якія патрабуюць дадатковай увагі, пацыенту рэкамендуюць звярнуцца да ўрача або дэрматолага. Дыягназ пры гэтым не ставіць ні AI, ні фармацэўт: задача сэрвісу – дапамагчы вызначыць, калі чалавеку варта прайсці медыцынскае абследаванне.
У першых тэстах ужо ўзялі ўдзел каля 50 чалавек, а ўвесь пілотны праект разлічаны прыкладна на 300 удзельнікаў. Для Skinive гэта магчымасць праверыць не толькі работу тэхналогіі, але і новую мадэль яе выкарыстання: ці можа звычайная аптэка стаць пунктам доступу да AI-аналізу скуры і дадатковым каналам, які накіроўвае пацыентаў да ўрача.
Пілотны праект цікавы і ў кантэксце развіцця самога Skinive. Стартап пачынаў як медыцынскі AI-прадукт для аналізу праблем са скурай, атрымаў сертыфікат CE Mark, ўклаў сотні тысяч даляраў ва уласны алгарытм, але зараз развівае напрамкі wellness і beauty. Чаму камерцыялізацыя медыцынскага AI аказалася складанейшай, чым чакала каманда, і куды зараз рухаецца кампанія, чытайце ў бліжэйшы час на BYGRID.
BYGRID Team