НавіныПрадукт
2 хв чытання
Сузаснавальнікі Rubyroid Labs і Zing Coach прадставілі Alsetta, AI-платформу для спартыўных клубаў

Валянцін Завадскі, сузаснавальнік Rubyroid Labs, абвясціў пра запуск новага праекта — Alsetta. Стартап распрацоўвае AI-платформу, якая дапаможа трэнерам, фізіятэрапеўтам і спецыялістам па фізічнай падрыхтоўцы разам аналізаваць даныя гульцоў і планаваць трэніроўкі. Каманда паказала дэма, адкрыла запіс на ранні доступ і шукае прафесійныя клубы, якія стануць першымі партнёрамі праекта.
Паводле слоў Валянціна Завадскага, звесткі пра аднаго гульца могуць быць раскіданыя па розных сістэмах: «Даныя GPS-трэкераў, вынікі тэстаў са скачкамі, ранішнія апытанні пра самаадчуванне, назіранні фізіятэрапеўта ў трэнажорнай зале… Усе гэтыя звесткі захоўваюцца ў розных праграмах ці проста ў галовах розных спецыялістаў». Alsetta збірае іх у адным месцы разам з гісторыяй траўмаў, пратаколамі клуба і навуковымі публікацыямі. Даныя можна падключаць праз API, якія падтрымлівае платформа, або імпартаваць з файлаў.
У допісе пра запуск сузаснавальнік стартапа таксама прывёў прыклад: трэнер просіць паказаць, колькі метраў гулец прабег на высокай хуткасці за апошнія 28 дзён. Alsetta паведамляе, што за бягучы тыдзень гулец прабег 1296 м пры звычайным дыяпазоне ад 840 да 1200 м, і паказвае, адкуль узялася кожная лічба. Затым сістэма прапануе план трэніроўкі на сёння, які трэнерскі штаб можа разгледзець і скарэктаваць. Alsetta рыхтуе даныя, а каманда прымае рашэнні.
Са жніўня па кастрычнік 2026 года каманда Alsetta апытала спецыялістаў з розных відаў спорту — футбола, хакея, баскетбола і аўстралійскага футбола. Па выніках апытання каманда выпусціла справаздачу From Data to Decisions пра тое, як спартыўныя штабы выкарыстоўваюць даныя гульцоў. Многія суразмоўцы адзначылі, што складанасці ўзнікаюць ужо пасля збору даных: штабу трэба дамовіцца, што азначаюць змены, вырашыць, што рабіць, і прасачыць за выкананнем плана.
Над Alsetta працуе каманда дасведчаных фаўндараў. Валянцін Завадскі, сузаснавальнік і тэхнічны дырэктар Alsetta, і Юрый Каляда заснавалі кампанію па распрацоўцы праграмнага забеспячэння Rubyroid Labs. Пазней абодва таксама працавалі над AI-стартапам EVY. Аляксей Кураў і Вальтэр Джэрджа разам працавалі над Zing Coach, фітнес-праграмай з партфеля Palta. З 2019 да 2024 года Джэрджа таксама быў дарадцам рады дырэктароў Palta.
Да Zing Coach Аляксей Кураў працаваў над Zenia — праграмай для ёгі, якая праз камеру смартфона аналізавала рухі карыстальніка і падказвала, як правільна выконваць асаны. На ранняй стадыі ў Zenia інвеставала Bulba Ventures Юрыя Мельнічка і Андрэя Аўсіевіча. Пазней Zing Coach набыла Zenia.
Калі матэрыял быў карысны, пачастуйце рэдакцыю кавай. Ваша падтрымка дапамагае нам працягваць размаўляць з фаўндарамі і дзяліцца іх досведам.
Пачаставаць рэдакцыю кавай (адкрыецца ў новай укладцы)BYGRID Team