НавіныFunding
2 хв чытання
Freesbee Ventures сабраў другі фонд на $15 млн для інвестыцый у AI-стартапы

Каманда Freesbee Ventures абвясціла пра запуск другога фонду аб’ёмам $15 млн. Ён будзе інвеставаць пераважна ў AI-first кампаніі на стадыях late seed — Series A+, якія ўжо пацвердзілі попыт на прадукт выручкай. Над новым фондам працуюць Андрэй Юранаў, Антон Васільеў і Майк Тора.
У фокусе Freesbee — кампаніі, у якіх штучны інтэлект выступае ядром прадукту, а не проста асобнай функцыяй. Фонд арыентуецца на кампаніі з ARR больш за $1 млн і плануе інвеставаць па $300–500 тыс. Прыярытэтны рынак — ЗША, але каманда таксама разглядае стартапы з Еўропы, Лацінскай Амерыкі, MENA і Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна. Пры гэтым фонд не выключае інвестыцый у моцныя каманды па-за сферай AI.
Акрамя класічных equity-інвестыцый, Freesbee плануе выкарыстоўваць мадэль фінансавання без размывання доляў для кампаній з працоўнай юніт-эканомікай. То-бок фонд гатовы суфінансаваць маркетынгавыя кагорты і вяртаць укладзеныя сродкі з атрыманай імі выручкі — без долі ў кампаніі і месца ў савеце дырэктараў. Таксама каманда рыхтуе акселерацыйную праграму для кампаній, якія растуць дзякуючы performance-маркетынгу.
Новы фонд стаў працягам Freesearch Ventures, запушчанага ў 2022 годзе і арыентаванага на IT- і фінтэх-кампаніі на late-seed стадыі. Пачынаючы з 2022 года, каманда інвеставала ў 14 стартапаў. Паводле даных фонду, партфель паказаў 4x MOIC (Multiple on Invested Capital — у колькі разоў бягучая вартасць інвестыцый фонду перавышае ўкладзены капітал), а сукупная вартасць партфеля вырасла амаль у шэсць разоў. «Большую частку таго, чаму навучыліся, мы даведаліся ад фаўндараў: наколькі складаная гэтая праца, наколькі важная добрая каманда і як далёка можа завесці ўпартасць, калі ўсё астатняе працуе супраць цябе. Другі фонд пабудаваны на гэтым досведзе, больш глыбокай экспертызе, больш дакладным разуменні таго, як насамрэч растуць кампаніі, і магчымасці назіраць з першага рада за найбуйнейшым тэхналагічным зрухам нашага часу», — піша Юранаў.
Раней Андрэй Юранаў працаваў у RBF Ventures — венчурным фондзе, створаным у партнёрстве з Беларускім інавацыйным фондам. У Freesbee Ventures ён уваходзіць у інвестыцыйную каманду. Для адбору новых праектаў каманда выкарыстоўвае ўласныя AI-сістэмы для пошуку і скрынінгу праектаў, а таксама маніторынгу партфеля; заяўлены тэрмін праходжання інвестыцыйнага працэсу — да шасці тыдняў.
BYGRID Team