НавіныШІЦюрых

3 хв чытання

Стартап з беларускімі каранямі GenPeach AI апярэдзіў мадэлі Meta, OpenAI і Google у тэсце на генерацыю выяў

Лагатып GenPeach сярод згенераваных партрэтаў, модных і сямейных кадраў
Выява: GenPeach AI

GenPeach AI, стартап былога даследчыка Meta Арцёма Санакоева, выйшаў са стэлс-рэжыму і 5 лістапада прадставіў сваю першую мадэль для генерацыі выяў — GenPeach v1 Preview. У сляпым тэсце на заданнях для рэдакцыйнай і моднай фотаздымкі эксперты палічылі 49% выяў GenPeach гатовымі да адпраўкі кліенту без правак. У GPT-Image-2.5 Sunburst гэты паказчык склаў 24%, а ў васьмі мадэляў-канкурэнтаў у сярэднім — 23%.

Тэст на замову GenPeach правяла Contra Labs, лабараторыя, якая прыцягвае спецыялістаў да ацэнкі крэатыўных ШІ-прадуктаў. У тэсце ўдзельнічалі 53 спецыялісты крэатыўных індустрый, у тым ліку арт-дырэктары, фатографы і дызайнеры. Кожная мадэль згенеравала па адной выяве на кожны са 100 брыфаў без паўторных спроб. Затым экспертам паказвалі па дзве выявы на адно заданне і хавалі назвы мадэляў.

Два чорна-белыя партрэты пажылога мужчыны, згенераваныя паводле аднаго брыфа
GenPeach v1 Preview (злева) і GPT-Image-2.5 Sunburst ад OpenAI (справа) выканалі адзін і той жа брыф на партрэт.

Image Credits: Contra Labs

Мадэль GenPeach атрымала 71% галасоў у парных параўнаннях і набрала большасць галасоў у 88 са 100 заданняў. Найбліжэй да яе аказалася Nano Banana 2 ад Google, якая атрымала 37% галасоў у сваёй пары з GenPeach. Muse Image ад Meta атрымала 35%.

GenPeach займае першае месца паводле эстэтыкі і арт-дырэкшану, рэалістычнасці людзей, перадачы скуры і матэрыялаў і адпаведнасці брыфу
Вынікі паводле чатырох крытэрыяў. У кожнай пары эксперты параўноўвалі GenPeach з адной з васьмі мадэляў.

Image Credits: Contra Labs

Тэст ахопліваў рэдакцыйную і модную фотаздымку, у якой людзі былі галоўнымі героямі кадра. Contra Labs адзначае, што вынікі паказваюць, як GenPeach выступіла супраць кожнай з мадэляў у гэтай канкрэтнай задачы.

Два згенераваныя партрэты жанчыны з чырвонымі амарылісамі
GenPeach v1 Preview (злева) і Nano Banana 2 ад Google (справа) выканалі адзін і той жа брыф для моднай фотаздымкі.

Image Credits: Contra Labs

Стартап GenPeach базуецца ў Цюрыху. Яго сузаснавальнік Арцём Санакоеў атрымаў PhD у галіне камп’ютарнага зроку у Гайдэльбергскім універсітэце і чатыры гады працаваў у Meta GenAI. Там ён удзельнічаў у кіраўніцтве распрацоўкай Movie Gen для генерацыі відэа і Imagine Flash для генерацыі выяў у рэальным часе. Яго каманда ў GenPeach навучыла першую мадэль з нуля, пачаўшы з выяў людзей. Пакуль мадэль даступная невялікай групе карыстальнікаў. На сайце стартапа можна запісацца ў спіс чакання.

Па дадзеных Crunchbase, стартап GenPeach AI прыцягваў інвестыцыі: $ 1,5 млн у пасяўным раундзе. Сярод лід-інвестараў – Davidovs Venture Collective, KAYA. На пачатку 2026 года Санакоеў папрасіў Віталія Лапцёнка, генеральнага партнёра фонду Flyer One Ventures, распавесці пра набор каманды ў Цюрыху і Варшаве.

Пасля прэзентацыі мадэлі ў пачатку лістапада 2026 года інвестар так пракаментаваў вынік: «Арцём прапрацаваў у Meta чатыры гады. Пайшоўшы адтуль, ён усяго за год стварыў рашэнне, якое абыйшло ўласную мадэль Meta». Менавіта такіх заснавальнікаў, кажа Лапцёнак, ён і хацеў бы бачыць у партфелі свайго фонду: «Моцных прафесіяналаў, якія наймаюць гэтак жа моцных спецыялістаў і дамагаюцца падобных вынікаў».

Калі матэрыял быў карысны, пачастуйце рэдакцыю кавай. Ваша падтрымка дапамагае нам працягваць размаўляць з фаўндарамі і дзяліцца іх досведам.

Пачаставаць рэдакцыю кавай (адкрыецца ў новай укладцы)
Падзяліцца