НавіныПадзеі

2 хв чытання

TEDxUlicaMińska вяртаецца: 7 лістапада ў Варшаве пройдзе TEDxWomen

Афіша TEDxUlicaMińskaWomen: 7 лістапада 2026 года, Teatr WAM, Варшава
Выява: TEDxUlicaMińska

7 лістапада ў Варшаве адбудзецца другі TEDxUlicaMińska — гэтым разам у фармаце TEDxWomen. Сярод спікераў — прадпрымальніцы, даследчыцы, кіраўніцы тэхналагічных кампаній і прадстаўніцы мастацтва. Арганізатары абяцаюць выступы пра навуку, бізнес, тэхналогіі, культуру і грамадства.

TEDxUlicaMińskaWomen прысвечаны ідэям жанчын і тэмам, звязаным з жаночым досведам, але не абмяжоўваецца імі. Канферэнцыя адкрытая для ўсіх незалежна ад гендару. Выступы працягласцю да 10 хвілін будуць праходзіць на беларускай, рускай, польскай і англійскай мовах.

Сярод спікераў — Вераніка Здановіч, C-level кіраўніца стартапа Welltory, якая працуе на скрыжаванні тэхналогій, здароўя і эмпатычнага лідарства; Марыя Лемяза, CEO і заснавальніца міжнароднай групы кампаній SMAR GLOBAL, інвестарка; Марыя Лойка, даследчыца Польскай акадэміі навук і папулярызатарка навукі; Аляксандра Сцельмашонак, сучасная мультыдысцыплінарная мастачка, каліграфка і графічная дызайнерка; Дар’я Данілава, серыйная прадпрымальніца, CEO стартапа Elatra і інвестарка.

Як тлумачыць Валянціна Чэкан, коўч спікераў TEDxUlicaMińska, пры падрыхтоўцы праграмы арганізатары ўлічваюць не столькі прафесійны досвед спікераў, колькі ідэі, якія тыя могуць прапанаваць аўдыторыі. Важная частка фармату — аб’яднаць тэмы, якія рэдка сустракаюцца ў межах адной канферэнцыі: ад медыцыны і тэхналогій да мастацтва і гісторыі.

Пры гэтым у падзеі моцны беларускі кантэкст. Задача каманды — прадставіць ідэі, якія выраслі з беларускага досведу, але зразумелыя і цікавыя міжнароднай аўдыторыі. TEDxUlicaMińska арганізуецца на валанцёрскіх пачатках: за падзеяй стаіць каманда людзей, якія ўкладаюць у праект уласны час і экспертызу.

Акрамя выступаў запланаваныя дыскусіі, сустрэчы са спікерамі і нэтворкінг. Квіткі ўжо ў продажы, праграма працягвае папаўняцца. Поўны спіс спікераў і падрабязнасці — на сайце TEDxUlicaMińska.

BYGRID — інфармацыйны партнёр мерапрыемства.

Падзяліцца