Рэдактарка і заснавальніца BYGRID Юля Нехай на фоне цёмных аканіц

Editor’s note

3 хв чытання

Чаму BYGRIDпачынаеццаз HealthTechі навошта ўсё гэта?

Юля НехайРэдактарка і заснавальніца BYGRID

HealthTech-мапа ў лічбах

КрыніцаHealthTech-мапа BYGRID

актыўных стартапаў на мапе
28
кампаній заснаваныя ў 2023–2025 гг.
50%
фаўндары – людзі з прадпрымальніцкім досведам
75%
кампаній выкарыстоўваюць AI
71%
Змест

Прывітанне! На сувязі Юля Нехай, рэдактарка і заснавальніца BYGRID. Нарадзілася ў Мінску, па адукацыі журналістка, апошнія 10 гадоў працую са стартапамі. Пару гадоў таму злавіла сябе на думцы: я ведаю сотні праектаў з беларускімі каранямі, але слаба разумею, што з імі адбываецца ў цэлым. За апошнія гады фаўндары добра так раз’ехаліся па свеце.

Адны развіваюць бізнес у Варшаве, іншыя ў Лісабоне, Амстэрдаме, Лондане ці Сан-Францыска. Каманды прыцягваюць інвестыцыі міжнародных фондаў, прадаюць на глабальных рынках, становяцца часткай стартап-экасістэм іншых краін і кантынентаў. І гэта – добрая навіна.

Кепская навіна ў тым, што разам з геаграфіяй разышоўся досвед, а дзяліцца ім сталі менш. Стартап у Даніі вывучыў, як уладкаваны мясцовы HealthTech, у каго прасцей падняць грошы. Фінтэх у Польшчы прайшоў працэдуру ліцэнзавання і можа ў фарбах расказаць, у чым практыка моцна разыходзіцца з тэорыяй. B2B у Сан-Францыска набіў шмат гузоў і зразумеў, як сёння прадаваць амерыканскаму энтэрпрайзу. А нехта зрабіў няўдалы півот, страціў паўгода і цяпер ведае, як рабіць не трэба. І пагадзіцеся, такія інсайты значна цікавейшыя за чарговы расказ пра тое, як «мы паверылі ў ідэю і сабралі выдатную каманду». Але большая частка гэтых ведаў сёння застаецца ўнутры каманд, сяброўскіх чатаў ці размоў пасля івэнтаў.

Таму BYGRID з’явіўся з простай ідэяй: дзяліцца не толькі навінамі пра раўнды і паспяховае маштабаванне. Але і тым, што часта застаецца за кадрам: рашэнні, памылкі, лічбы, практыкі, якія працуюць, гіпотэзы, якія не працуюць. Дзе шукаць першых кліентаў? На якім этапе спатрэбіўся лакальны партнёр? Чаму не спрацавала бізнес-мадэль? Якія магчымасці адкрыліся, калі кампанія перабралася ў іншую экасістэму? Чым больш рынкаў спрабуюць фаўндары-беларусы, тым больш калектыўнага досведу з’яўляецца. І класна, калі гэты досвед цыркулюе.

02

Чаму першы пункт — HealthTech

Але перш чым пытацца ў кампаній, чаму яны навучыліся, варта б зразумець, а хто ўвогуле ёсць? Таму першы пункт BYGRID — мапа HealthTech-стартапаў. Сярод іх праекты для жаночага ці ментальнага здароўя, для дыягностыкі і маніторынгу, нейратэхналогіі, дадаткі для кантролю харчавання ці паляпшэння якасці сну, рашэнні для лекараў. (А яшчэ палова кампаній на мапе з’явілася за апошнія тры гады, тры чвэрці запусцілі людзі з прадпрымальніцкім досведам, больш за 70% выкарыстоўваюць AI, а некаторыя нават даказваюць, што іх тэхналогіі працуюць. Але пра ўсё гэта пазней, так што не пераключайцеся!)

На мапе прадстаўлены кампаніі з розным досведам. І ідэя не ў тым, каб вярнуць іх у нейкі геаграфічны пункт ці прыдумаць агульную ідэнтычнасць. Наадварот, цікава паглядзець, што даюць розныя траекторыі руху.

03

Што далей

HealthTech-мапа — толькі адпраўны пункт. Пасля яе будуць іншыя індустрыі, новыя мапы, навіны, здзелкі і галоўнае — людзі. Хачу, каб BYGRID злучаў тых, у каго ёсць пытанні, з тымі, хто частку шляху ўжо прайшоў. Будуеш фінтэх у Паўночнай Еўропе? Вось фаўндар, які раскажа, чым Швецыя аказалася добрай, а чым — не. Запускаеш хелстэк у ЗША? Вось стартап, які разабраўся з мясцовым рэгуляваннем, знайшоў першых партнёраў. Трэба наняць каманду, ліцэнзаваць бізнес ці валідаваць AI-мадэль? Вось тыя, хто ўмее гэта рабіць і можа дапамагчы прайсці гэты шлях хутчэй. А можа, нехта ўжо патраціў паўгода на гіпотэзу, якую ты толькі збіраешся праверыць, і гатовы зэканоміць табе хаця б пару месяцаў. Не абавязкова наступаць на ўсе граблі асабіста. Некаторыя можна пазычыць у іншых.

Беларускія фаўндары сёння будуюць кампаніі ўнутры дзясятка экасістэм. BYGRID хоча зрабіць так, каб веды, якія яны там атрымліваюць, працавалі не толькі ўнутры адной каманды.

Гэта толькі пачатак.

Юля Нехай сядзіць на бетоннай лаўцы перад шкляным будынкам

BYGRID

International startups with Belarusian roots. News, founder stories, data and analysis across global ecosystems.

Explore bygrid.io