Хто інвестуе ў стартапы беларусаў на Pre-Seed

9 хв чытанняАўтар: Каманда BYGRIDВыява: BYGRID
Змест
На Pre-Seed стартапу патрэбныя не толькі грошы. Часта патрэбны інвестар, які першым паверыць у каманду, узгодніць умовы раўнда (Term Sheet), правядзе праверку праекта (Due Diligence), прыцягне іншых удзельнікаў. І далёка не кожны фонд гатовы ўзяць на сябе гэтую ролю. Наяўнасць ліда часта становіцца сігналам для іншых фондаў і бізнес-анёлаў, што праект прайшоў першасную праверку. Закрыць раўнд з ім звычайна прасцей.
Мы вывучылі сем Pre-Seed-здзелак у стартапы фаўндараў-беларусаў за 2024–2026 гг. У выбарцы — восем фондаў, шэсць з якіх выступілі лід-інвестарамі. Паглядзелі, у якія кампаніі яны ўклаліся, што магло паўплываць на рашэнне і наколькі гэтыя кейсы адпавядаюць сённяшнім інвестыцыйным прыярытэтам фондаў.
01SMOK Ventures
SMOK Ventures
Польска-амерыканскі фонд SMOK Ventures інвестуе на ранніх стадыях у прадпрымальнікаў з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, у тым ліку фаўндараў, якія пераехалі ў ЗША. Фонд гатовы ўкладацца ў праекты яшчэ да з’яўлення выручкі, асабліва калі за імі стаяць дасведчаныя прадпрымальнікі. Ад тых, хто ўпершыню стварае стартап, чакаюць хаця б першых пацвярджэнняў попыту.
SMOK Ventures — адзін з рэкардсменаў па інвестыцыях у беларусаў на стадыі Pre-Seed у гэтым аглядзе. У кастрычніку 2025 года кіроўны партнёр фонду Борыс Муселяк у інтэрв’ю dev.by паведаміў пра інвестыцыі адразу ў чатыры стартапы:
- No Cap — AI-агент, які кансультуе фаўндараў наконт фандрайзінгу і пошуку інвестараў.
- FAMS (раней — Richarge) — праграма, якая дапамагае бацькам будаваць адносіны з дзецьмі. Цяпер гэты стартап ужо неактыўны.
- Bitskout — AI для кампаній прафесійных паслуг: аўтаматызуе збор дакументаў, апрацоўку запытаў кліентаў і руцінныя аперацыі бухгалтарскіх і юрыдычных фірмаў.
- Slickshift — AI-платформа для камунікацый у лагістыцы.
Муселяк часта кажа, што інвестуе найперш у фаўндараў. І сапраўды: FAMS развівала беларуска Алена Малюціна, якая раней ужо мела досвед развіцця стартапа. Сярод сузаснавальнікаў Slickshift — Аляксей Кульбей, які раней працаваў над Base CRM, набытай Zendesk. Bitskout заснавалі Ілля і Аляксей Зяленкіны, якія пабудавалі добрыя кар’еры ў вялікіх тэхналагічных кампаніях. Асобна Муселяк адзначыў, што стартап развіваюць браты. Сярод сузаснавальнікаў No Cap быў Аляксандр Невядоўскі, які ўдзельнічаў у стварэнні WANNA, набытай Farfetch.
Акрамя таго, у выпадку з No Cap фонд даволі хутка выйшаў з інвестыцыі: SMOK інвеставаў у 2025 годзе, а ў сакавіку 2026-га стартап набыла амерыканская Audos. Праўда, умовы здзелкі не раскрываліся.
02FIRSTPICK
FIRSTPICK
Літоўскі фонд FIRSTPICK пазіцыянуе сябе як інвестар першага чэка ў балтыйскіх фаўндараў. Працуе па двух напрамках: інвестуе ў стартапы на самых ранніх стадыях праз акселерацыйную праграму і непасрэдна ўдзельнічае ў Pre-Seed-раўндах. Для гэтага існуюць асобныя інвестыцыйныя структуры — Accel Fund і Seed Fund.
Сярод інвестыцый FIRSTPICK у фаўндараў-беларусаў за апошнія тры гады — напрыклад, стартап Skarbe, AI-асістэнт, які дапамагаў прадпрымальнікам весці продажы без пастаяннага ручнога абнаўлення CRM. Фонд узначаліў раўнд на $600 тыс. улетку 2025 года, але ў сакавіку 2026-га фаўндар публічна паведаміў пра закрыццё праекта.
Таксама раней FIRSTPICK паспяхова інвеставаў у BeautyTech-стартап Ama Care: стартап прайшоў акселерацыйную праграму фонду, затым каманда паведаміла пра прыцягненне €500 тыс., а яшчэ праз паўтара года Ama Care набыла кампанія Lovi. Умовы здзелкі не раскрываліся, пры гэтым Lovi сёння ўваходзіць у актыўны партфель FIRSTPICK.
03ULTRA.VC
ULTRA.VC
Кіпрская кампанія ULTRA.VC пазіцыянуе сябе як інвестар ранніх стадый з уласнай акселерацыйнай праграмай. Працуе з еўрапейскімі стартапамі, арыентаванымі на міжнародныя рынкі. Па колькасці выяўленых праектаў з беларускімі каранямі ў партфелі ULTRA.VC — лідар гэтага агляду: мы знайшлі адразу пяць кампаній.
- Maramora — платформа для псіхалагічнага дабрабыту на скрыжаванні мастацтва і псіхалогіі. Цяпер праект неактыўны.
- Thera — AI-дзённік для псіхалагічнай падтрымкі: дапамагае карыстальнікам асэнсоўваць эмоцыі і перажыванні праз запісы і дыялог з AI.
- Elatra — B2B-платформа для коўчынгу і развіцця супрацоўнікаў тэхналагічных кампаній.
- Govar — платформа для практыкі размоўнай англійскай з людзьмі з розных краін.
Нядаўняя інвестыцыя ULTRA.VC — стартап Naoma, AI-відэаагент, які праводзіць персаналізаваныя дэманстрацыі B2B-прадуктаў, адказвае на пытанні патэнцыйных кліентаў і дапамагае аўтаматызаваць продажы. У лютым 2026 года фонд узначаліў Pre-Seed-раўнд на $440 тыс.
04Symvan Capital
Symvan Capital
Брытанская венчурная кампанія Symvan Capital кіруе фондамі ў межах дзяржаўных праграм падатковага стымулявання EIS і SEIS: яны дазваляюць прыватным інвестарам атрымліваць ільготы па падаходным падатку ў памеры 30–50%. У Symvan Capital няма асобнага мандата на Усходнюю Еўропу, але фонд працуе з прадпрымальнікамі незалежна ад іх паходжання, калі стартап адпавядае патрабаванням EIS/SEIS. Кампанія інвестуе пераважна на стадыях Seed і ранняга росту, але таксама разглядае Pre-Seed.
У прыватнасці, у 2024 годзе Symvan Capital удзельнічаў у раўндзе на £250 тыс. у стартап Yotewo, AI-платформу для пошуку і найму тэхналагічных спецыялістаў. Сэрвіс дапамагае кампаніям знаходзіць правераных распрацоўшчыкаў, арганізоўваць гутаркі і кіраваць працэсам найму. Адзін з заснавальнікаў — беларус Аляксандр Кажамякін. Паводле яго, перамовы з фондам занялі каля шасці месяцаў, хоць сам фонд звычайным тэрмінам выдачы Term Sheet называе 4–8 тыдняў пасля першай сустрэчы.
05Zubr Capital
Zubr Capital
У адрозненне ад большасці інвестараў у аглядзе, Zubr Capital інвестуе на больш позніх стадыях — Series A, B, C і росту. Звычайна фонд разглядае кампаніі з гадавой выручкай ад $4–5 млн.
Таму, хоць інвестыцыйная кампанія і ўзначаліла Pre-Seed-раўнд Placy на €1 млн, гэта нетыповы кейс для яе стратэгіі. Placy — AI-асістэнт для рынку нерухомасці, які дапамагае аўтаматызаваць камунікацыю з кліентамі і працу агентаў. Стартап заснаваны на Кіпры былымі калегамі з CIAN і Wargaming; сярод сузаснавальнікаў — прадпрымальнік Сяргей Асіпаў.
Рашэнне ўкласціся ў такі ранні праект інвестдырэктар і партнёр фонду Віктар Дзенісевіч тлумачыў перадусім досведам заснавальнікаў і іх папярэднімі вынікамі. У 2021 годзе CIAN выйшла на Нью-Ёркскую фондавую біржу і атрымала ацэнку больш за $1 млрд.
06Acquinox Capital
Acquinox Capital
Інвестыцыйны фонд Acquinox Capital з Люксембурга, у партфелі якога ёсць OpenAI, Anthropic, Bolt і Discord. Працуе са стартапамі ад Pre-Seed да pre-IPO. Цяпер асноўны фокус — на больш сталых кампаніях.
У 2025 годзе Acquinox Capital узначаліў Pre-Seed-раўнд AIstats на $1,1 млн разам з групай бізнес-анёлаў. AIstats — SportsTech-стартап з беларускімі каранямі, заснаваны Яўгенам Сертуковым і Аляксеем Вераб’ём. Кампанія ўжывае камп’ютарны зрок і машыннае навучанне для аналізу футбольных матчаў. На аснове гэтых тэхналогій развівае праграму з аналітыкай для заўзятараў і B2B-платформу для футбольных клубаў, скаўтаў і агентаў.
07Фонды-суінвестары
Фонды-суінвестары
Акрамя лід-інвестараў, у выбарцы ёсць фонды, якія ў апошнія тры гады выступалі суінвестарамі ў раўндах, то-бок таксама маюць досвед фінансавання каманд з фаўндарамі-беларусамі. Але іх цяперашні мандат на Pre-Seed і гатоўнасць узначальваць раўнды могуць адрознівацца.
08Somersault Ventures
Somersault Ventures
Амерыканскі венчурны фонд Somersault Ventures інвестуе ў ЗША і Еўропе ў стартапы пераважна на стадыі Seed. Спецыялізуецца на B2B-праграмным забеспячэнні і маркетплэйсах у вузкіх, недастаткова лічбавізаваных галінах, дзе тэхналагічны прадукт можа заняць дамінантнае становішча. Фонд асабліва цікавіцца заснавальнікамі з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а таксама прадпрымальнікамі, звязанымі з UC Berkeley.
Сярод стартапаў, пералічаных у аглядзе, Somersault інвеставаў у Skarbe, прычым на больш ранняй стадыі, чым звычайна.
09Sparkle Ventures
Sparkle Ventures
Інвестыцыйная кампанія Sparkle Ventures спачатку спецыялізавалася на стартапах ранніх стадый у Web3, blockchain, FinTech, AI і лічбавай інфраструктуры. Цяпер пазіцыянуе сябе як інвестыцыйны і кансультацыйны бізнес у DeepTech, які злучае амерыканскія тэхналагічныя кампаніі са стратэгічным капіталам Блізкага Усходу. Прыярытэт — больш сталыя кампаніі на стадыях росту і позніх стадыях.
Тым не менш, Sparkle Ventures удзельнічаў у Pre-Seed-раўндзе Naoma на $440 тыс. Мяркуючы з цяперашняга пазіцыянавання інвестара, гэта хутчэй выключэнне з яго сённяшняга фокусу, чым тыповая здзелка.
10Што ўсё гэта азначае для фаўндараў-беларусаў
Што ўсё гэта азначае для фаўндараў-беларусаў
Стартапы, заснаваныя беларусамі, знаходзяцца ў розных краінах. Yotewo — у Вялікабрытаніі, Placy — на Кіпры, Slickshift — у Польшчы і інш. Інвестыцыі яны таксама прыцягваюць ад міжнародных кампаній. Для фондаў нярэдка важнейшыя доступ да кліентаў, юрыдычная структура і патэнцыял бізнесу, чым краіна паходжання заснавальнікаў. Хаця геаграфічныя абмежаванні ніхто не адмяняў: напрыклад, FIRSTPICK заяўляе фокус на балтыйскіх фаўндарах, а Symvan — на кампаніях, якія адпавядаюць брытанскім EIS/SEIS.
Пры гэтым заўважную ролю адыгрывае досвед фаўндараў. У многіх кейсах заснавальнікі да фандрайзінгу працавалі над вядомымі тэхналагічнымі прадуктамі: PandaDoc, Base CRM, Wargaming і інш. Гэта не даказвае, што дасведчаныя фаўндары часцей прыцягваюць інвестыцыі, аднак папярэдні прафесійны вынік каманды можа быць вельмі важкім аргументам на Pre-Seed.
Імя лід-інвестара бывае важнейшае за суму раўнда. Раўнд на $600 тыс. не азначае, што фонд-лідар інвеставаў усе $600 тыс. Ён мог укласці значна меншую суму, затое дапамог прыцягнуць іншых інвестараў. Таму пры пошуку фінансавання трэба вывучаць не толькі публічны памер раўнда, але і тыповую суму інвестыцыі фонду, гатоўнасць узначальваць раўнды і магчымасць удзелу бізнес-анёлаў.
Мандаты мяняюцца, фонды пераходзяць да новых стадый, геаграфічныя абмежаванні могуць станавіцца больш жорсткімі, чым можна меркаваць з гісторыі канкрэтнай здзелкі. Таму фаўндарам, якія збіраюць Pre-Seed-раўнд проста цяпер, можна параіць пачынаць пошук не з максімальна доўгага спісу VC, а з інвестараў, чые рэальныя здзелкі супадаюць са стадыяй, геаграфіяй, бізнес-мадэллю і патрэбай кампаніі ў лід-інвестары.
Калі матэрыял быў карысны, пачастуйце рэдакцыю кавай. Ваша падтрымка дапамагае нам працягваць размаўляць з фаўндарамі і дзяліцца іх досведам.
Пачаставаць рэдакцыю кавай (адкрыецца ў новай укладцы)