ЭкасістэмаМагчымасціЕС

Ад AI да SpaceTech: 10 еўрапейскіх акселератараў і праграм, куды можна падаць заяўку гэтай восенню

BYGRID сабраў дзесяць актуальных праграм для стартапаў і прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў у Еўропе. Сярод прапаноў — інвестыцыі да €250 000, грантавая падтрымка, ментарства і пітчынг інвестарам. Найбліжэйшы дэдлайн — 21 кастрычніка.

Змест

01AI і робататэхніка

AI Entrepreneurs Lab — AI і робататэхніка (ЕС)

Дэдлайн: 21 кастрычніка 2026 года

Пяцідзённая праграма EIT AI & Robotics для магістрантаў, аспірантаў і выпускнікоў з ідэямі ў галіне штучнага інтэлекту і робататэхнікі. Удзельнічаць можна без зарэгістраванай кампаніі. У праграму адбяруць да 15 чалавек, а па выніках Demo Day да пяці каманд змогуць атрымаць па €10 000 на развіццё праекта.

Буткемп пройдзе 9–13 лістапада ў Парыжы, Бруселі і Амстэрдаме. Удзел бясплатны, магчымая падтрымка выдаткаў на паездку.

Умовы і заяўка

02Касмічныя тэхналогіі

ESA BIC — касмічныя тэхналогіі (Польшча)

Дэдлайн: 23 кастрычніка 2026 года

Інкубатар Еўрапейскага касмічнага агенцтва ў Польшчы прымае стартапы, якія распрацоўваюць касмічныя тэхналогіі або выкарыстоўваюць іх у іншых індустрыях.

Праграма прадугледжвае фінансаванне да €50 000, тэхнічную экспертызу, бізнес-ментарства і доступ да міжнароднай сеткі ESA BIC. Дадатковае фінансаванне BOOST да €100 000 штогод могуць атрымаць два стартапы.

Кампанія павінна быць зарэгістраваная ў Польшчы або знаходзіцца ў працэсе стварэння, узрост бізнесу — не больш за пяць гадоў. Каманда павінна мець неабходныя дазволы на пражыванне і працу ў Польшчы.

Умовы і заяўка

03Сацыяльныя праекты

NXT LEVEL Accelerator — сацыяльныя і impact-стартапы (Германія)

Дэдлайн: 26 кастрычніка 2026 года

Берлінскі акселератар NXT LEVEL набірае сёмы паток. Праграма разлічаная на дзесяць тыдняў і арыентаваная на заснавальнікаў праектаў з сацыяльнай або грамадскай місіяй.

Прымаюцца стартапы на стадыях ідэі, валідацыі і ранняга MVP. Падавацца могуць як каманды, так і сола-фаўндары. Удзельнікі атрымаюць коўчынг, дапамогу з прадуктам, продажамі і стратэгіяй выхаду на рынак.

Умовы і заяўка

04Тэхналогіі

imec.istart — тэхналагічныя стартапы (Нідэрланды і Іспанія)

Дэдлайн: 31 кастрычніка 2026 года

Еўрапейскі акселератар imec.istart, які ўжо выпусціў больш за 360 стартапаў, адкрыў наборы адразу ў дзвюх краінах — Нідэрландах і Іспаніі.

У Нідэрландах праграма праводзіцца сумесна з універсітэцкім інкубатарам Novel-T і прапануе ад €100 000 да €250 000 pre-seed фінансавання. Базавыя €100 000 уключаюць інвестыцыю €50 000 за 6% кампаніі і канвертаваную пазыку €50 000.

У Іспаніі акселератар праводзіцца сумесна з imec — еўрапейскім даследчым R&D-хабам нана- і лічбавых тэхналогій. Стартапы могуць атрымаць €250 000 pre-seed інвестыцый і прайсці 18-месячную акселерацыю.

Абедзве праграмы арыентаваныя на тэхналагічныя прадукты, у тым ліку софт, deeptech і hardware, з працоўным proof of concept і камандай з узаемадапаўняльнымі кампетэнцыямі. Кампанія павінна мець штаб-кватэру ў адпаведнай краіне.

Умовы і заяўка ў Нідэрландах · Умовы і заяўка ў Іспаніі

05Цыркулярная эканоміка

Spark 4.0 Rethink — цыркулярная эканоміка (Польшча)

Дэдлайн: 31 кастрычніка 2026 года

Польскі акселератар Łódzka Specjalna Strefa Ekonomiczna прымае стартапы, якія распрацоўваюць тэхналогіі для цыркулярнай эканомікі: рашэнні для зніжэння спажывання рэсурсаў, колькасці адходаў і выкідаў, экадызайну і іншых звязаных задач.

Удзельнікі могуць атрымаць грант да 350 000 PLN на распрацоўку і тэставанне прадуктаў, пілотныя праекты з карпаратыўнымі партнёрамі і экспертную падтрымку. Фінансаванне можа пакрываць да 100% дапушчальных выдаткаў.

Умовы і заяўка

06Агратэхналогіі

Agrifood & Agritech Founder Accelerator — агратэхналогіі (анлайн + Літва)

Дэдлайн: 1 лістапада 2026 года

Літоўская AgriFood Lithuania DIH набірае дзесяць стартапаў з Еўропы ў анлайн-акселератар для каманд у сферах Agrifood, AgriTech і Food Biotech.

Праграма пройдзе 12–18 лістапада і ўключае практычныя заняткі па бізнес-мадэлі, пазіцыянаванні і падрыхтоўцы інвестыцыйнага пітчу. Тры найлепшыя каманды выступяць перад інвестарамі на Agrifood Forum у Вільнюсе 25 лістапада. Пасля праграмы прадугледжаныя два месяцы індывідуальных кансультацый.

Умовы і заяўка

07B2B

Startup Wise Guys — B2B-стартапы (Эстонія + ЕС)

Дэдлайн: 2 лістапада 2026 года

Еўрапейскі акселератар Startup Wise Guys прымае заяўкі ў Flagship Accelerator ад B2B-стартапаў у наступных сферах:

  • AI і аўтаматызацыя: агенты, copilots, перыферыйны AI і сінтэтычныя даныя.
  • Кібербяспека і канфідэнцыйнасць даных: канцэпцыя zero trust, постквантавая крыптаграфія і тэхналогіі для забеспячэння адпаведнасці нарматыўным патрабаванням.
  • Устойлівае развіццё і энергетычныя тэхналогіі: аптымізацыя вугляроднага следу і «зялёныя» тэхналогіі.
  • Сувязь новага пакалення: 5G+, IoT і лічбавыя двайнікі.
  • Чалавека-машынныя інтэрфейсы: AR/VR і прасторавыя вылічэнні для прамысловасці.
  • Галіновыя рашэнні: спецыялізаваныя інструменты для аховы здароўя, лагістыкі, вытворчасці і іншых сфер.

Каманды павінны мець працоўны MVP, як мінімум двух удзельнікаў і першыя прыкметы кліенцкага попыту.

Акселератар прапануе канвертаваную інвестыцыю да €100 000 пры кошце праграмы €35 000, а таксама магчымасць прыцягнуць наступныя інвестыцыі да €250 000. Гібрыдны фармат спалучае анлайн-заняткі і вочныя модулі на працягу 3,5 месяца.

Умовы і заяўка

08Крэатыўныя тэхналогіі

EIT Spark Incubation — CreaTech (анлайн + ЕС)

Дэдлайн: 16 лістапада 2026 года

EIT Culture & Creativity набірае ўдзельнікаў у інкубатар для тэхналагічных праектаў на скрыжаванні крэатыўных індустрый, моды, архітэктуры і новых матэрыялаў. Сярод напрамкаў — перапрацоўка тэкстылю, экалагічныя і інавацыйныя матэрыялы, лічбавыя інструменты для праектавання, апаратныя рашэнні і тэхналогіі для будаўніцтва і гарадскога асяроддзя.

У праграму адбяруць да 35 праектаў. Кожны зможа атрымаць да €30 000 на распрацоўку і тэставанне прадукту, праверку бізнес-мадэлі і стварэнне кампаніі. Фінансаванне пакрывае да 100% дапушчальных выдаткаў і не патрабуе суфінансавання.

Праграма стартуе ў сакавіку 2027 года з вочнага буткемпа працягласцю два-тры дні ў адным з еўрапейскіх гарадоў. Затым удзельнікаў чакае дзевяцімесячная анлайн-інкубацыя з ментарамі, галіновымі экспертамі і доступам да еўрапейскай сеткі партнёраў і інвестараў.

Падавацца могуць асобныя фаўндары і каманды з ЕС і краін, асацыяваных з Horizon Europe. У праекта ўжо павінны быць першыя вынікі тэставання або прататып, але кампанія для яго рэалізацыі яшчэ не павінна быць зарэгістраваная. Стварыць юрыдычную асобу трэба на працягу першых трох месяцаў праграмы.

Умовы і заяўка

09Абарона і падвойнае прызначэнне

EUDIS Business Accelerator — DefenceTech і Dual-Use (ЕС)

Дэдлайн: 16 лістапада 2026 года

Еўрапейская праграма EUDIS адкрыла набор у чацвёрты паток акселератара для стартапаў, якія распрацоўваюць абаронныя тэхналогіі і рашэнні падвойнага прызначэння — грамадзянскія распрацоўкі, якія могуць выкарыстоўвацца ў тым ліку для ваенных патрэб.

Дваццаць адабраных стартапаў і скейлапаў пройдуць васьмімесячную праграму з пяццю вочнымі буткемпамі, працай з экспертамі абароннай індустрыі і доступам да тэставай інфраструктуры.

Кожны ўдзельнік зможа атрымаць фінансаванне ў фармаце ваўчара на €120 000 без перадачы долі кампаніі. Удзельнічаць могуць кампаніі з ЕС і Нарвегіі з улікам дадатковых патрабаванняў да кантролю над бізнесам.

Умовы і заяўка

10Гарадская мабільнасць

EIT Urban Mobility — гарадская мабільнасць і транспартныя тэхналогіі (ЕС)

Дэдлайн: 16 лістапада 2026 года

Еўрапейская інвестыцыйная праграма EIT Urban Mobility прымае заяўкі ад стартапаў у сферы гарадской мабільнасці. У фокусе пяць напрамкаў: гарадская лагістыка, грамадскі і сумесны транспарт, кіраванне транспартнымі данымі і AI, электрыфікацыя і альтэрнатыўныя віды паліва, рашэнні на скрыжаванні мабільнасці і здароўя.

Стартапы могуць прыцягнуць да €2,5 млн інвестыцый. EIT Urban Mobility выступае суінвестарам разам з венчурнымі фондамі і іншымі прыватнымі інвестарамі. Мэтавая доля ў капітале — 5–10%. Акрамя фінансавання, кампаніі атрымліваюць дапамогу ў маштабаванні, выхадзе на еўрапейскія рынкі і наладжванні кантактаў з карпаратыўнымі партнёрамі і гарадскімі адміністрацыямі.

Падавацца могуць стартапы на стадыях Pre-Seed — Series A, зарэгістраваныя ў ЕС і краінах, асацыяваных з Horizon Europe. Кампанія павінна мець прататып, пілот або MVP, актыўны інвестыцыйны раўнд і ацэнку да €50 млн. Фаўндары і прадстаўнікі кіраўніцтва павінны сумесна валодаць больш чым 40% кампаніі да бягучага раўнда.

Умовы і заяўка

Калі матэрыял быў карысны, пачастуйце рэдакцыю кавай. Ваша падтрымка дапамагае нам працягваць размаўляць з фаўндарамі і дзяліцца іх досведам.

Пачаставаць рэдакцыю кавай (адкрыецца ў новай укладцы)
Падзяліцца