Даследаванне / HealthTech
·8 хв чытання
Стартапы новыя, фаўндары — неХто сёння будуе HealthTech з беларускімі каранямі
Пасля 2020 года стартапы з беларускімі каранямі апынуліся размеркаванымі паміж рознымі краінамі, а стартап-экасістэма — і раней даволі абмежаваная — яшчэ больш скарацілася. Але новыя кампаніі працягваюць з’яўляцца. Прычым тры чвэрці праектаў будуюць фаўндары, якія ўжо запускалі бізнес раней.
- 28
- Стартапаў у даследаванні
- 30+
- Кампаній на карце
- 75%
- Запускалі бізнес раней
- 79%
- Арыентуюцца на глабальны рынак
Змест
00Пра даследаванне
Карта HealthTech-стартапаў BYGRID
Да такой высновы прыйшлі аўтары даследавання HealthTech in Motion, праведзенага DŌBRA. У яго аснове — карта стартапаў, сабраная пры ўдзеле стартап-супольнасці беларусаў: DŌBRA, Axios, Angels Band. Цяпер у яе ўваходзіць 30+ кампаній, якія працуюць за межамі Беларусі. У даследаванне на аснове інфармацыі з адкрытых крыніц трапілі 28 актыўных праектаў. Метадалогія правяралася сумесна з сеткай бізнес-анёлаў Angels Band.
012024-ы і новая хваля
2024-ы і бум новай хвалі
Палова выбаркі сфармавалася за апошнія тры гады: 14 з 28 актыўных стартапаў былі заснаваныя ў 2023–2025 гадах. Асабліва вылучаецца 2024-ы, калі з’явілася амаль траціна кампаній.
Пры гэтым выбарка неаднародная: побач з невялікімі праектамі ёсць некалькі кампаній зусім іншага маштабу. Напрыклад, Flo Health, запушчаная яшчэ ў 2015 годзе і якая стала першым еўрапейскім фемтэх-юнікорнам: сёння прыкладаннем штомесяц карыстаюцца 77 млн чалавек, а каманда налічвае сотні супрацоўнікаў у розных краінах свету. Або Zing Coach — AI-платформа для фітнесу з аўдыторыяй больш за 2,5 млн карыстальнікаў у 180 краінах, якая ўслед за consumer-прадуктам развівае інстытуцыянальны напрамак. Сярод партнёраў — New York Sports Club і Paris Saint-Germain.
02Каманды і досвед фаўндараў
Да 10 чалавек, але з досведам запуску бізнесу
Аднак пераважаюць зусім невялікія каманды. Тры чвэрці стартапаў (21 з 28) налічваюць да 10 супрацоўнікаў, яшчэ чатыры праекты — ад 11 да 50. І толькі ў трох кампаній каманда перавышае 50 чалавек.
Большасць праектаў запускаюць дасведчаныя прадпрымальнікі: у фаўндараў 75% стартапаў ужо быў уласны бізнес, а мінімум у двух ёсць экзіт. Толькі для 21% праектаў цяперашні стартап стаў першым фаўндарскім досведам. Але і сярод іх ёсць людзі з моцным стартап- і прадуктовым бэкграўндам: да запуску свайго праекта працавалі ў Flo, GanttPro, SplitMetrics, MSQRD і іншых вядомых кампаніях. То-бок невялікі памер многіх праектаў — часцей пра стадыю, чым пра адсутнасць прадпрымальніцкага досведу.
Памер каманды ацэнены паводле профіляў кампаній у LinkedIn і не з’яўляецца дакладнай колькасцю супрацоўнікаў.
03Геаграфія і рынкі
Галоўны хаб — Польшча, рынак амаль ва ўсіх глабальны
Геаграфічна амаль траціна ўсёй выбаркі знаходзіцца ў Польшчы: 8 з 28 кампаній. Астатнія базуюцца ў Літве, ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Нідэрландах, Швейцарыі, Даніі, Кеніі, на Кіпры. Для двух праектаў месцазнаходжанне вызначыць не ўдалося.
Пры гэтым 79% стартапаў арыентуюцца на глабальны рынак. Выразны нацыянальны або рэгіянальны фокус удалося вызначыць толькі ў пяці.
Геаграфія вызначана паводле цяперашніх профіляў кампаній у LinkedIn; для двух праектаў яе высветліць не ўдалося.
04Напрамкі і прадукты
Ад mental health да аналізу праблем са скурай
Стартапы вырашаюць самыя розныя праблемы: працуюць з тэмай жаночага або сямейнага здароўя, дапамагаюць сачыць за сардэчным рытмам і ціскам, кантраляваць праблемы са скурай, разбірацца з вынікамі аналізаў і сімптаматыкай, спраўляцца са стрэсам і трывожнасцю, атрымліваць дапамогу пры СДУГ, карэктаваць харчаванне і сон і інш.
Дамінуючага сегмента няма, два найбуйнейшыя — дыягностыка і маніторынг, а таксама ментальнае здароўе і эмацыйны дабрабыт. Да кожнага адносяцца па 6 з 28 праектаў (21,4%).
05Бізнес-мадэлі
Амаль палова — чысты B2C, у траціны некалькі мадэляў
46% выбаркі працуе толькі паводле B2C-мадэлі, 18% — толькі B2B. Астатнія 36% спалучаюць працу з канчатковым карыстальнікам і арганізацыямі або выкарыстоўваюць B2B2C.
У якасці прыкладу можна прывесці Skinive: акрамя прыкладання для карыстальнікаў стартап таксама развівае Skinive MD для спецыялістаў і прапануе сваю тэхналогію праз API/SDK. Сярод публічна абвешчаных інтэграцый — праект з DaVinci Salute (Unipol Group), платформай з аўдыторыяй каля 700 тыс. карыстальнікаў.
Soula акрамя consumer-прадукту мае асобнае рашэнне для працадаўцаў, якое тэставалася ў межах пілота з міжнародным сэрвісам пасажырскіх перавозак і гарадскіх паслуг inDrive.
Body Bloom AI паведамляе пра падрыхтоўку першых пілотаў white-label прадукту для клінік.
06Інтэрв’ю: Кірыл Валошын
«Выжываюць дасведчаныя, з шырокім кругаглядам, сувязямі і грашыма»

«Выжываюць дасведчаныя, з шырокім кругаглядам, сувязямі і грашыма»
Кірыл Валошын
CEO Angels Band · аўтар канала «Ребятам о BY-Стартапах»
Такім чынам, хаця ў размеркаванай стартап-экасістэмы няма адзінага цэнтра і практычна няма ўласнай інстытуцыянальнай інфраструктуры, яна працягвае ўзнаўляцца. Адзін з механізмаў — назапашаны досвед саміх фаўндараў. Папрасілі Кірыла Валошына, CEO Angels Band і аўтара Telegram-канала «Ребятам о BY-Стартапах», пракаментаваць вынікі даследавання. На яго думку, высокая доля repeat founders можа сведчыць не столькі пра сілу размеркаванай супольнасці, колькі пра павышэнне парога ўваходу для новых фаўндараў.
— Ты шмат гадоў працуеш са стартапамі на ранніх стадыях. Ці бачыш гэты патэрн, калі новыя кампаніі з’яўляюцца дзякуючы людзям, якія ўжо запускалі стартапы або развівалі ўласны бізнес? Ці могуць назапашаны досвед, сувязі і капітал саміх прадпрымальнікаў часткова замяняць адсутную інфраструктуру?
— Так, бачу, і гэта чакана. Толькі наўрад ці гэта добрая навіна. У здаровай экасістэме доля тых, хто запускае стартап упершыню, высокая, таму што ёсць каму падтрымаць іх рознымі спосабамі. Гэта матывацыйны фактар, ды і сам уваход каштуе нядорага. Калі ж нармальнай інфраструктуры няма, парог уваходу рэзка павышаецца. Так што ¾ паўторных фаўндараў — гэта вынік (не)натуральнага адбору. Выжываюць дасведчаныя, з шырокім кругаглядам, сувязямі і грашыма. Асабісты нетворк замяняе паток праектаў, фонды больш прыхільныя і лепш «прагрэтыя», рэпутацыя дапамагае з д’ю-дыліджэнсам, Pre-Seed падняць лягчэй, у тым ліку дзякуючы былым калегам. Але асабісты досвед маштабуе толькі твае ўласныя праекты, таму на слыху ў нас мала прозвішчаў і многія паўтараюцца з году ў год. Як і былыя месцы працы фаўндараў: нехта з «мафіі» Flo (па аналогіі з «мафіяй» Skype/YC), нехта з MSQRD, Wargaming і інш. Заўважных новых «кузняў кадраў» за апошнія гады, на жаль, не з’явілася.
— Маем незвычайную сітуацыю: прадстаўнікоў інфраструктуры можна пералічыць на пальцах, адзінай тэрыторыі ў стартап-экасістэмы таксама няма. Ці можам мы ўвогуле гаварыць пра яе як пра адзіную? Дзе ў такой размеркаванай мадэлі слабае месца і ці ёсць ва ўсім гэтым нешта моцнае?
— Не, пра адзіную экасістэму мы не можам гаварыць, паколькі ў экасістэме фаўндар можа прайсці, не пакідаючы яе, увесь шлях або большую яго частку — ад ідэі да экзіту. А грошы ў ідэале яшчэ і часткова вернуцца ў экасістэму — для наступнага пакалення стартапаў. У беларусаў ёсць супольнасць, размеркаваная ўнутры чужых экасістэм. Шлях фаўндар праходзіць там, а ў беларускай частцы застаюцца толькі паходжанне і частка нетворкінгу.
Па элементах: капітал (самае балючае) — інстытуцыянальнага пласта няма ўвогуле, уласных фондаў амаль няма, анёлаў мала, і яны сталі больш асцярожнымі. Паток праектаў — слаба бачны, несістэмны, людзі ў адной вертыкалі часта не ведаюць пра існаванне адно аднаго. Акрамя Angels Band варонкай ніхто асабліва не займаецца. Актыўная прэ/акселерацыя ў мінулым сезоне была толькі ў Angels Band (дзякуй EBRD) і ў сферы EdTech (дзякуй Літве). Ды і мясцовыя акселератары аб’ектыўна мацнейшыя: у іх грошы, карпаратыўныя партнёры, лакальны нетворк. З плюсаў: у беларускіх фаўндараў, якія выехалі, ёсць доступ да некалькіх заходніх экасістэм і даволі высокі ўзровень даверу ў супольнасці.
— Наколькі фаўндарам удаецца скарыстацца інфраструктурай гэтых больш развітых экасістэм, на прыкладзе той жа Польшчы і Літвы?
— Інфраструктурай у Польшчы і Літве беларусы карыстаюцца, але, як па мне, вельмі нераўнамерна. І залежнасць тут не ад краіны, а ад таго, ці ўклаўся фаўндар ў лакальны нетворк або працягнуў жыць у славянскай бурбалцы. Фармальна доступ адкрыты амаль да ўсяго, бар’ераў мала, калі ведаеш мову.
Польшча — галоўны хаб выбаркі, і зразумела чаму: вялікі ўнутраны рынак, таннейшая каманда, шмат акселератараў, ёсць публічныя грошы. Плюс польскі VC даволі лакальны паводле фокуса: ён ахвотна ўваходзіць у праекты з мясцовым стартавым рынкам.
Літва — рынак невялікі, таму тут усе выходзяць на глабальны рынак з першага дня, што даволі карысна, але не ўсім беларусам пад сілу. Экасістэма шчыльнейшая і ў нечым больш даступная: да патрэбнага чалавека даходзіш за два званкі, LitBAN і мясцовыя фонды вельмі актыўныя. Таксама на мясцовыя праекты ахвотна глядзяць фонды звонку. Але больш складаная сітуацыя з карпаратыўнымі ўкараненнямі і партнёрствамі. Без рэпутацыі і літоўскай мовы ўсё будзе рухацца марудна.
У выніку: беларускай інфраструктуры няма ні тут, ні там, а мясцовая не даецца праектам проста праз прыезд. У яе трэба актыўна ўбудоўвацца: ісці ў мясцовы акселератар, браць лакальных людзей у каманду або эдвайзерамі, хадзіць на мясцовыя івэнты і гаварыць на мове мясцовых інвестараў — вобразна і літаральна. Хто пераехаў і працягнуў працаваць і мець зносіны ў старым коле, жыве на ўласныя зберажэнні і чэкі сяброў.
07Што далей
Нягледзячы на складаныя ўмовы, новыя кампаніі працягваюць з’яўляцца
А беларускія фаўндары — знаходзіць магчымасці ў розных краінах і экасістэмах. Досвед, сувязі і міжнародная інтэграцыя дапамагаюць кампенсаваць адсутнасць уласнай інфраструктуры. Але высокі парог уваходу застаецца выклікам для новых прадпрымальнікаў.
08Метадалогія і абмежаванні
Як мы збіралі даныя і што важна ўлічваць
У выбарку ўключалі міжнародныя HealthTech-стартапы, у якіх хаця б адзін фаўндар мае беларускія карані, а асноўныя аперацыі знаходзяцца за межамі Беларусі. Праект мусіў паказваць прыкметы актыўнасці за апошнія шэсць месяцаў і мець як мінімум працоўны MVP з прыкметамі выкарыстання або тэставання за межамі каманды заснавальнікаў. Неактыўныя праекты не ўключалі ў выбарку.
HealthTech тут — тэхналогіі і лічбавыя прадукты, якія вырашаюць канкрэтныя задачы фізічнага або ментальнага здароўя: прафілактыка, дыягностыка, лячэнне, маніторынг стану, аказанне медыцынскай дапамогі і кіраванне здароўем. Прадукты для прадуктыўнасці, звычак, тайм-менеджменту або агульнага дабрабыту без канкрэтнай задачы, звязанай са здароўем, у выбарку не ўключаліся.
Даныя збіралі з адкрытых крыніц: сайтаў кампаній, баз стартапаў і здзелак, СМІ, паведамленняў інвестараў і акселератараў, навуковых публікацый. AI-інструменты выкарыстоўвалі для пошуку і першаснай апрацоўкі, а не як самастойную крыніцу. Даныя пра фінансаванне, даследаванні, клінічную валідацыю і рэгуляторны статус правяралі паводле першасных або незалежных публічных крыніц. DŌBRA, Angels Band і Axios ўдзельнічалі ў верыфікацыі праектаў.
Гэта не вычарпальны спіс і не рэестр усіх кампаній. Даследаванне прадстаўляе зрэз на верасень 2026 года; даныя збіраліся ў ліпені–жніўні 2026 года. Непублічныя праекты і кампаніі з невялікім лічбавым следам маглі не трапіць у выбарку. Памер каманды і месцазнаходжанне вызначаліся паводле LinkedIn і адлюстроўваюць прыблізны маштаб і заяўленую лакацыю, а не дакладную колькасць супрацоўнікаў або ўсю геаграфію аперацый. Даныя могуць удакладняцца па меры з’яўлення пацверджанай інфармацыі.
