
Алена МалюцінаФота: з асабістага архіва суразмоўніцы.
ІНТЭРВ’ЮГIСТОРЫЯ ФАЎНДАРАВАРШАВА
«Машыны бачаць людзей, але не бачаць сістэмы». Алена Малюціна пра BEHAVE, Physical AI, матэматыку чалавечых паводзін і цікавасць Palantir.
Робат можа бачыць кожнага чалавека ў пакоі і ўсё роўна не заўважыць галоўнага — як людзі ўплываюць адно на аднаго. Алена Малюціна ўзялася апісаць гэтую дынаміку матэматычна. У 2026 годзе яна апублікавала прэпрынт пра BEHAVE, мадэль калектыўных паводзін для Physical AI. Цяпер на яе аснове яна развівае Shiftfield — прадукт для распрацоўшчыкаў аўтаномных сістэм. У інтэрв’ю BYGRID Малюціна расказвае, якое пытанне перажыло два яе стартапы і як заўважыць прыкметы магчымай цісканіны ў натоўпе, нават калі людзі рухаюцца як звычайна.
Змест
01Ліст ад Palantir
«Я стаяла з келіхам віна і раптам зразумела, які шлях прайшла»
Звычайны вечар, і тут табе піша Palantir. У цябе часта так?
— Памятаю той момант амаль па кадрах. Вечар, я дома, наліваю келіх чырвонага італьянскага віна, загараецца экран тэлефона: «Hi BEHAVE team, we're very excited about what you're building. We'd love to set up a call and learn more about your company and team…» Подпіс: Palantir.
Звычайны карпаратыўны ліст, але я не паверыла сваім вачам. Стаю з келіхам і думаю: «Паглядзі, які шлях ты прайшла». Яшчэ год таму — унутраная спустошанасць, разбітае эга, адчуванне сацыяльнай смерці. А цяпер Palantir хоча абмеркаваць тваю матэматычную мадэль.
За гэтым стаялі месяцы даследаванняў і распрацовак, памылак, навуковай працы і эксперыментаў. Але яшчэ цяжэйшым быў унутраны шлях — ад дэпрэсіі да разумення таго, хто я і што хачу ствараць. Вядома, сам ліст нічога не даказвае пра патэнцыял тэхналогіі. Наперадзе яшчэ шмат што трэба пацвердзіць.
Але ў той момант я выразна ўбачыла адлегласць паміж гэтымі двума пунктамі свайго жыцця і адчула спакойную павагу да сябе. Нарэшце зрабіла доўгі глыток чырвонага італьянскага віна і адклала тэлефон.
А што было далей?
— Мы стэлефанаваліся, прайшлі інтэрв’ю і працягнулі зносіны, у тым ліку па арганізацыйных пытаннях. Узнікла пытанне з візай тэхнічнага кіраўніка, паколькі праграма прадугледжвала асабісты ўдзел каманды.
Я ўспрымаю гэтую гісторыю як лёгкі кіўок: магчыма, мы сапраўды рухаемся ў важным кірунку. Palantir працуе са складанымі сістэмамі, данымі і прыняццем аперацыйных рашэнняў, таму мне было асабліва цікава абмеркаваць наша даследчае пытанне з прадуктовай камандай такога ўзроўню.

Фота: з асабістага архіва суразмоўніцы.
Сёння машына можа бачыць кожнага чалавека, ведаць яго месцазнаходжанне, хуткасць і траекторыю — і ўсё роўна не бачыць сістэмы, якую ўтвараюць людзі. Бо група людзей — складаная дынамічная сістэма.
03Як заўважыць затор у натоўпе
«Найлепшы вынік — падзея, якой не адбылося»
Што ўдалося паказаць эксперыментальна?
— Адзін з самых цікавых эксперыментаў быў пра рух людзей праз вузкі праход. На адкрытых даных Jülich мы выявілі статыстычна значныя адрозненні ў арганізацыі руху людзей і заўважылі прыкметы затору за 12 секунд да яго ўзнікнення. 12 секунд — гэта шмат! За гэты час можна ўратаваць жыцці. У іншым эксперыменце на даных DIAMOR інфармацыя пра ўзаемадзеянні дапамагла лепш распазнаваць рэальныя групы, чым мадэль, заснаваная на блізкасці людзей.
То-бок ваша задача — папярэджваць пра крызісы да таго, як яны адбудуцца?
— Менавіта. Сёння цісканіна, канфлікт ці спыненне вытворчасці становяцца нагодай пачаць аналіз. А мяне цікавіць стан сістэмы да падзеі, калі крызіс яшчэ можна прадухіліць. Гэта пераход ад фіксацыі наступстваў да ранняга выяўлення прыкмет змены рэжыму. Парадаксальна, але найлепшы вынік нашай тэхналогіі — падзея, якой не адбылося.
04Чаму навучылі Artyline і FAMS
«Мець рацыю наконт будучыні недастаткова»
Да BEHAVE ты развівала два стартапы, прыцягвала інвестыцыі, выводзіла прадукты на рынак і закрывала кампаніі. Як гэты досвед паўплываў на тое, што ты робіш сёння?
— Вельмі моцна. Artyline, праграма, якая ператварала алоўкавыя эскізы на паперы ў інтэрактыўныя лічбавыя макеты, навучыла мяне адрозніваць патэнцыял тэхналогіі ад гатоўнасці рынку. У 2018 годзе мы стварылі прадукт, прыцягнулі інвестыцыі і знайшлі кліентаў, якія плацілі, але не выйшлі своечасова ў B2B. А ў B2C моцна апярэдзілі рынак: год таму падобную тэхналогію рэалізавалі і прадалі. З таго часу да любімага пытання інвестараў «Чаму цяпер, а не ўчора?» я дадаю сваё: «Чаму цяпер, а не заўтра?» Мець рацыю наконт будучыні недастаткова. Трэба трапіць у свой час.
FAMS даў іншы досвед. Мы прыцягнулі інвестыцыі ў інтэрактыўны прадукт для бацькоў, а ўласны AI-рухавік для персанажаў ператварылі ў камерцыйны кірунак для гульнявых студый. Але імклівае развіццё базавых AI-мадэляў змяніла канкурэнтнае асяроддзе. Мы ацанілі перспектывы і эканоміку і вырашылі не працягваць працу кампаніі ў ранейшым выглядзе.
Цяпер я бачу, колькі прадпрымальніцкага досведу далі мне гэтыя праекты. Artyline навучыў мяне ператвараць тэхналогію ў прадукт, а FAMS — даследаваць наступствы чалавечых рашэнняў і знаходзіць камерцыйную каштоўнасць ва ўласных распрацоўках.
BEHAVE аб’яднаў гэтыя кірункі з маёй інжынернай падрыхтоўкай і цікавасцю да складаных сістэм. Цяпер я лепш разумею, што хачу стварыць і якія ўмовы патрэбныя, каб тэхналогія стала вялікім устойлівым бізнесам.
Я спакойна і ясна зразумела, што кожны з гэтых этапаў меў сэнс. Кожны даў нешта, без чаго BEHAVE наўрад ці з’явіўся б.
Як ты прыйшла да ідэі аналізаваць асяроддзе, у якім могуць знаходзіцца робаты?
— Пасля закрыцця FAMS быў цяжкі перыяд. Я бясконца пераасэнсоўвала рашэнні, досвед і памылкі. Пазней даведалася, што ў кагнітыўнай псіхалогіі ёсць паняцце інсайту праз рэструктурызацыю: пэўная падзея становіцца штуршком, і назапашаная інфармацыя раптам складаецца ў прынцыпова новую карціну. Са мной гэта адбылося зусім нечакана. Адзін з інвестараў разам з жонкай падарыў мне фотасесію. Я прыехала, мы пачалі працаваць, і фатографка раптам сказала: «У цябе проста нерэальна прыгожы погляд». І я зразумела, як даўно ўспрымала сябе выключна праз дасягненні, рашэнні і іх наступствы. На секунду я ўбачыла сябе зусім інакш.
А па дарозе дадому нешта змянілася: я раптам убачыла сувязі паміж усімі сваімі інтарэсамі, перажываннямі і досведам. Ёсць асноўны закон дыялектыкі — пераход колькасных змен у якасныя. Вось так у машыне па дарозе дадому ўвесь мой досвед, перажыванні, ідэі і сувязі паміж імі склаліся ў нешта новае. Так нарадзілася ідэя BEHAVE.
Адкуль увогуле цікавасць да чалавечых сістэм такога маштабу?
— Яшчэ ў школе я ўдзельнічала ў алімпіядах, цікавілася развіццём цывілізацый, геаэканомікай і геапалітыкай. Мяне цікавіла, як з мільёнаў рашэнняў складаецца гістарычная дынаміка грамадстваў. Чаму адны сістэмы захоўваюць устойлівасць, а іншыя змяняюць сам характар свайго развіцця?
Інжынерная адукацыя ў галіне інфармацыйных тэхналогій і кіравання тэхнічнымі сістэмамі дала мне іншую мову: станы, зваротныя сувязі, устойлівасць і кіроўныя ўздзеянні. У тэорыі дынамічных сістэм ёсць паняцце біфуркацыі, пра якую мы ўжо казалі. Мяне заўсёды захапляла, як паступовыя змены прыводзяць да зусім іншага стану цэлага.
І ўзнікла пытанне: чаму я падзяляю гэтыя два інтэлектуальныя светы? Што, калі гэта два бакі аднаго медаля і чалавечыя сістэмы можна даследаваць матэматычным апаратам тэорыі кіравання? Сёння BEHAVE працуе з групамі людзей, за якімі можна назіраць у фізічнай прасторы. Але мне цікавы і большы маштаб — арганізацыі, грамадствы, цывілізацыі. Асабліва пасля таго, як праектам зацікавіліся такія кампаніі, як Palantir.

Фота: з асабістага архіва суразмоўніцы.
Хачу прыцягваць грошы як мага пазней. Спачатку разабрацца з тэхналогіяй і рынкам, пацвердзіць каштоўнасць і эканоміку. І толькі потым прыцягваць капітал пад канкрэтную задачу, калі разумееш, што менавіта ён павінен паскорыць.
Калі матэрыял быў карысны, пачастуйце рэдакцыю кавай. Ваша падтрымка дапамагае нам працягваць размаўляць з фаўндарамі і дзяліцца іх досведам.
Пачаставаць рэдакцыю кавай (адкрыецца ў новай укладцы)Юлія Няхай