«Калі ў цябе нічога няма, твая ўпэўненасць прадае». Арцём Высоцкі пра новую эканоміку AI-стартапаў, венчурную гонку і беларусаў у Даліне

Змест
Сёння AI дазваляе ствараць прадукты хутчэй і танней, а вось пабудаваць паспяховы бізнес стала складаней. Перамагае той, хто лепш разумее кліента і ўмее да яго дайсці, лічыць Арцём Высоцкі, заснавальнік Writingmate.ai, Mentioned.to. Яго першы AI-прадукт вырас з пашырэння для Chrome у працоўную прастору з амаль 250 тыс. зарэгістраваных карыстальнікаў. І стаў адпраўным пунктам для наступнага, больш паспяховага бізнесу. А новы бізнес за пяць месяцаў выйшаў на 17 тыс. долараў MRR і абагнаў першы па выручцы.
01Пошук праблемы і запуск Writingmate
«Магу зрабіць стартап, які нікому не спатрэбіцца, але я даведаюся чаму»
Ты развіваеш адразу некалькі стартапаў. Як удаецца трымаць фокус?
— Сам задаю сабе гэтае пытанне. Напэўна, проста веру, што аднойчы знайду сапраўды вартую праблему для бізнесу.
У мяне вялікі досвед распрацоўкі, але кругагляд абмежаваны тым, што я бачыў як інжынер. Я не працаваў у продажах ці маркетынгу і не ведаю, якія праблемы там існуюць. А каб пабудаваць стартап, трэба знайсці рэальную праблему.
Для гэтага можна вывучаць рынак, размаўляць з кліентамі. Але як выбраць вобласць для пошуку? Можна абапірацца на ўласны досвед, а можна пачаць будаваць бізнес і ўжо ў працэсе выявіць іншую праблему. Мне бліжэйшы другі падыход. Так, я магу зрабіць стартап, які нікому не спатрэбіцца. Але я даведаюся чаму і, магчыма, зразумею, што рабіць далей. З маімі праектамі так і адбылося.
Як гэта выглядала на практыцы?
— Калі сыходзіў з Meta ў 2023 годзе, яшчэ не ведаў, чым займуся. Я карыстаўся ChatGPT і мяне раздражняла, што даводзіцца пастаянна капіяваць інфармацыю з браўзера ў чат і назад. Так з’явілася пашырэнне для Chrome Writingmate, якое хутка набрала 20 тыс. карыстальнікаў.
Але з часам высветлілася, што за пашырэнні людзі не хочуць плаціць. А потым з’явіліся канкурэнты ChatGPT і ўзнікла новая праблема: якую падпіску выбраць? Мы пачалі дадаваць розныя AI-мадэлі ў дадатак і паступова ператварылі яго ў адзіную AI-працоўную прастору. Каб прыцягваць карыстальнікаў на сайт, асвоілі SEO. У нейкі момант дайшлі да 250 тыс. наведванняў з пошуку за месяц.
То-бок кожны мой наступны крок вырастаў з праблемы, якую выяўляў, вырашаючы папярэднюю.
02Ад Writingmate да Mentioned
Як AI-пошук змяніў рынак і падказаў новую ідэю
А потым пачаўся бум AI. Як ён змяніў рынак для Writingmate?
— Кардынальна: са з’яўленнем AI-пошуку арганічны трафік моцна ўпаў. Пацярпелі нават буйныя гульцы кшталту HubSpot. Другі момант — эканоміка AI-падпісак. Вялікія лабараторыі пачалі субсідаваць выкарыстанне сваіх мадэляў. А ў нас не было мільярдаў, каб канкураваць з OpenAI, Anthropic ці Google. Таму маржынальнасць Writingmate падала, і стала ясна, што трэба шукаць новую мадэль.
І так з’явіўся Mentioned.to?
— Так. Мы пачалі шукаць іншы спосаб прыцягваць карыстальнікаў і заўважылі, што AI-пошукавікі часта цытуюць Reddit. Спрабавалі наймаць людзей, каб яны расказвалі пра наш прадукт, але гэта не працавала: яны не разумелі супольнасці, і іх пасты часта ўспрымаліся як рэклама. Калі ж я пісаў сам, як звычайны ўдзельнік, людзі рэагавалі інакш. Мы пачалі разбірацца, як гэта працуе, наймаць людзей з патрэбнымі навыкамі. У выніку Reddit стаў прыносіць да 25% выручкі Writingmate.
Але прасоўванне абыходзілася занадта дорага. Таму я задумаўся: можа, ёсць бізнесы з большым чэкам, для якіх гэтая матэматыка сыходзіцца? Так і з’явіўся Mentioned.
Вы пачыналі як SaaS, а цяпер прадаяце прасоўванне як сэрвіс. Чаму?
— Спачатку мы зрабілі платформу для маніторынгу Reddit, але пілоты паказалі, што кліентам трэба іншае. Бо ў працы з Reddit самае складанае — не знайсці абмеркаванне, а ўдзельнічаць у ім. Патрэбныя людзі, якія даўно ў супольнасці, разумеюць яе правілы і ўмеюць быць карыснымі, а не проста рэкламаваць. Сам па сабе софт кліенту не асабліва патрэбны, бо бізнес купляе не інструмент, а вынік.
Таму мы перайшлі да сэрвісу прасоўвання ў Reddit з фокусам на AI-пошук, і гэта спрацавала. За пяць месяцаў сэрвіс вырас з 4 тыс. долараў да 17 тыс. долараў MRR — гэта больш за 200 тыс. долараў гадавой выручкі. Writingmate рос больш за два гады, а Mentioned абагнаў яго за пяць месяцаў, і эканоміка тут значна лепшая.
Якую выснову я зрабіў для сябе: часам адзін бізнес прыводзіць цябе да праблемы, на вырашэнні якой можна пабудаваць зусім іншы бізнес, нават больш паспяховы.
03Венчур, рост і новая эканоміка AI
«Вырашаць, ці прыцягваць грошы, павінен рынак»
Ты разглядаеш венчурныя інвестыцыі ці аддаеш перавагу некалькім незалежным тэхналагічным бізнесам?
— Мне здаецца, «прыцягваць ці не прыцягваць» — фальшывая дылема. Гэта вырашае не фаўндар, а рынак. Калі бізнес венчурны і маштабуецца, грошы трэба прыцягваць: інакш канкурэнты, якія іх паднялі, проста цябе абгоняць. Калі не, яго трэба будаваць як маржынальны бізнес, і гэта таксама нармальны шлях.
Задача фаўндара — сумленна адказаць сабе на пытанне: які ў цябе бізнес? З Mentioned мы якраз гэта высвятляем.
Акрамя таго, трэба разумець, што любы раўнд дадае ціску: фаўндару давядзецца тлумачыць інвестарам кожны свой крок, змену стратэгіі. Пра гэта асабліва важна задумвацца цяпер, калі рынак змяняецца так хутка.
Што цяпер адбываецца са стартапамі ў Даліне на хвалі буму AI?
— Многія ў стагнацыі, асабліва кампаніі, створаныя пяць-дзесяць гадоў таму, да AI-хвалі. Некаторыя фаўндары фрустраваныя, не разумеюць, куды рухацца. Пры гэтым ёсць група новых стартапаў, якія растуць з неверагоднай хуткасцю.
Добры прыклад — Higgsfield. Пра яго пастаянна гавораць у рускамоўным тэхналагічным асяроддзі Даліны. Гэта не абстрактная OpenAI, а людзі, з якімі можна асабіста пазнаёміцца. Усе глядзяць на іх тэмпы росту — і інвестары пачынаюць чакаць такога ж росту ад астатніх стартапаў.
Чытала абмеркаванні фаўндараў, што інвестары ўжо на Pre-Seed чакаюць метрык Seed ці нават Series A.
— Так, планка вырасла. Напрыклад, AfterQuery — стартап збірае ў профільных спецыялістаў даныя для навучання AI-мадэляў. Кампаніі ўсяго паўтара года, і ў красавіку фаўндары паведамілі, што выйшлі на $100 млн гадавой выручкі. А праз усяго тры месяцы, паводле фаўндараў, гэты паказчык дасягнуў ужо некалькіх соцень мільёнаў долараў. Такія гісторыі задаюць новыя арыенціры для інвестараў.
Але я гляджу на гэта і з іншага боку: AI адкрывае новыя рынкі, і каштоўнасць можа стварацца хутчэй, чым раней. Галоўнае для фаўндара — зразумець, які ў яго бізнес, і будаваць яго пад свой рынак, а не пад чужыя метрыкі.
Калі софт становіцца амаль бясплатным, а інвестары чакаюць росту як у Higgsfield, дзе стартапам шукаць канкурэнтную перавагу?
— Першае — дыстрыбуцыя, продажы, маркетынг. Ствараць софт стала прасцей, але кліентам па-ранейшаму трэба неяк пра яго даведацца. Асабліва цікавыя задачы, якія нельга цалкам аўтаматызаваць: тая ж праца з Reddit.
Другое — рэальны, фізічны свет і глыбокая тэхнічная экспертыза: працэсары, дата-цэнтры, размеркаваныя сістэмы, робататэхніка, атрыманне даных з рэальнага свету, HealthTech — усё, дзе недастаткова проста задаць пытанне LLM.
Я сам скончыў БДУІР па электроннай тэхніцы. Але тады вырашыў, што софт больш перспектыўны, і ўсе гэтыя гады працаваў распрацоўшчыкам. А сёння бачу, што інжынерная база зноў становіцца каштоўнай: напісанне кода таннее, а разуменне фізічнага свету — не.
Ствараць прадукты, сачыць за рынкам, кіраваць AI-агентамі — кагнітыўная нагрузка на фаўндараў сёння проста жахлівая. Як ты спраўляешся?
— Калі толькі пачынаў працаваць з AI-агентамі, здавалася, што ў мяне едзе дах. Але потым зразумеў: гэта як ва ўніверсітэце. Спачатку цяжка, а потым прывыкаеш. Раней мы самі пісалі код, цяпер вучымся кіраваць агентамі. Гэта проста іншы ўзровень абстракцыі. Мне ўжо стала значна лягчэй.
Пры гэтым важны навык — своечасова спыняцца. У людзей працоўны дзень заканчваецца, а AI-агенты могуць працаваць далей, таму лёгка захапіцца і працаваць да 5 раніцы. Таму я вучуся ставіць межы і адпачываць — гэта таксама важны складнік працы.
“Добры прыклад — Higgsfield. Пра яго пастаянна гавораць у рускамоўным тэхналагічным асяроддзі Даліны. Гэта не абстрактная OpenAI, а людзі, з якімі можна асабіста пазнаёміцца. Усе глядзяць на іх тэмпы росту — і інвестары пачынаюць чакаць такога ж росту ад астатніх стартапаў.
04Founders Fire і беларусы ў Даліне
«Мы занадта шмат думалі пра кантэнт, а аказалася, людзі проста хацелі сустрэцца»
На фоне гэтай гонкі ты сабраў фаўндараў-беларусаў у Сан-Францыска. Як прайшла сустрэча Belarusian Founders у межах SF Tech Week?
— Івэнт я рабіў разам з Алесяй Сяржынскай, коўчам для кіраўнікоў з Варшавы. AI цяпер шмат што змяняе, навокал пастаянна гавораць, як гэта негатыўна паўплывае на працу, бізнес. Таму нам захацелася стварыць прастору з пазітыўнай энергіяй, запрасіць фаўндараў-беларусаў. І што пацешна: мы шмат сіл патрацілі на праграму, але найбольш нам дзякавалі за тое, што проста сабралі ўсіх разам. Я дванаццаць гадоў жыву ў Даліне і думаў, што ўсіх ведаю. Але аказалася, сюды прыехала шмат новых людзей, якія шукаюць, з кім пазнаёміцца. Стала зразумела, што такія сустрэчы патрэбныя рэгулярна, а не раз на год.
Таму вырашылі арганізаваць Founders Fire — супольнасць фаўндараў-беларусаў. Будзем развіваць яе таксама разам з Алесяй. Уся ідэя — у назве: дапамагчы фаўндарам знайсці агонь унутры. Ён ёсць у кожнага, але ў супольнасці яго лягчэй падтрымліваць. Хочам ладзіць сустрэчы ў Сан-Францыска і Варшаве раз на месяц-два, спрабаваць розныя фарматы, напрыклад сустрэчы для жаночай аўдыторыі ці невялікія закрытыя вячэры. Пакуль эксперыментуем.

Сустрэча Belarusian Founders у Сан-Францыска ў межах SF Tech Week.Крыніца фота: Founders Fire
“Уся ідэя — у назве: дапамагчы фаўндарам знайсці агонь унутры. Ён ёсць у кожнага, але ў супольнасці яго лягчэй падтрымліваць.
05Моцныя бакі і навыкі беларускіх фаўндараў
«Беларусы ўмеюць будаваць прадукты, наступны крок — навучыцца прадаваць»
Што беларусы ўмеюць асабліва добра? А чаго ім не хапае для пабудовы глабальных кампаній?
— Я б вылучыў два моцныя бакі не толькі беларусаў, але і ўсяго постсавецкага тэхналагічнага асяроддзя. Па-першае, інжынерная школа. Па-другое, performance-маркетынг: закупка рэкламы, аптымізацыя варонак, аналітыка. Асабліва ў мабільных дадатках і гульнях. Мы часам нават не ўсведамляем, наколькі моцная наша экспертыза. Зона росту, на мой погляд, — продажы. Асабліва ў B2B, дзе вялікія чэкі, доўгія цыклы здзелак, складаныя перамовы. Але гэта навык, які можна развіць.
Беларусы часта ўспрымаюць продажы як… «навязванне». Я і сам доўга так думаў. Толькі ў ЗША ўбачыў, што такое добры продаж: гэта калі пакупнік выходзіць з перамоў задаволены, бо ты дапамог яму вырашыць праблему. І тут я навучыўся прадаваць так, каб мне не было сорамна. Цяпер іду на перамовы з думкай: або я сапраўды прынясу чалавеку карысць, або мы не заключым здзелку.
Але для гэтага трэба быць упэўненым у сабе і ў тым, што прапануеш. Асабліва на ранняй стадыі бізнесу. Уяві: так, у цябе пакуль няма вялікага прадукту, моцнага брэнда. Але ты прыходзіш да кліента і расказваеш, што маеш намер зрабіць. Калі ён чуе сумненне ў тваім голасе, чаму павінен паверыць?
Таму: калі ў цябе нічога няма, твая ўпэўненасць прадае.
Калі матэрыял быў карысны, пачастуйце рэдакцыю кавай. Ваша падтрымка дапамагае нам працягваць размаўляць з фаўндарамі і дзяліцца іх досведам.
Пачаставаць рэдакцыю кавай (адкрыецца ў новай укладцы)Юлія Няхай
