Даследаванне / HealthTech

·7 хв чытання

AI выкарыстоўваюць 71% хелстэк-стартапаў.Як яны даказваюць, што іх софт сапраўды добры?

У 20 з 28 хелстэк-стартапаў з беларускімі каранямі штучны інтэлект — неад’емная частка прадукту: персаналізуе трэніроўкі, аналізуе харчаванне, распазнае новаўтварэнні на скуры або сардэчны рытм. Паглядзелі, як кампаніі правяраюць свае тэхналогіі — ад дакладнасці алгарытмаў і зменаў у карыстальнікаў да клінічных даследаванняў і медыцынскай сертыфікацыі.

Пяць тыпаў публічных сігналаў праверкі HealthTech-прадуктаў

Клінічныя даследаванні

Праверка тэхналогіі

Ацэнка зменаў у карыстальнікаў

Акадэмічныя згадкі

Рэгуляванне
/ сертыфікацыя

20 / 28
Выкарыстоўваюць AI як частку прадукту
12 / 28
Ёсць публічны навуковы, клінічны або рэгуляторны след
16 / 28
Публічных сігналаў не выяўлена
Змест
  1. 00Пра даследаванне
  2. 01Праверка тэхналогіі
  3. 02Ацэнка зменаў у карыстальнікаў
  4. 03Клінічная праверка
  5. 04Акадэмічны след
  6. 05Рэгуляванне, ISO, патэнты
  7. 06Каментар эксперта

00Пра даследаванне

Гэта другі тэкст на аснове HealthTech in Motion — даследавання пра міжнародныя хелстэк-стартапы, заснаваныя беларусамі. У першай частцы мы разбіраліся, хто сёння стварае праекты ў сферы здароўя і чаму тры чвэрці кампаній запускаюць ужо дасведчаныя заснавальнікі. Сёння пагаворым пра тое, што стаіць за іх тэхналогіямі. Паводле даследавання, у 16 з 28 кампаній (57%) публічных навуковых, клінічных або рэгуляторных сігналаў не выяўлена. Але гэта не азначае, што тэхналогіі не тэстуюцца або не працуюць. У астатніх 12 публічны след ёсць і выглядае па-рознаму.

Публічны след · 28 кампаній
Ёсць публічны навуковы, клінічны або рэгуляторны сігнал
12
Публічных сігналаў не выяўлена
16

Адсутнасць публічнага сігналу не азначае, што тэхналогія не тэстуецца або не працуе.

01Праверка тэхналогіі

Калі правяраюць саму тэхналогію

Напрыклад, Skinive, AI-сэрвіс для распазнавання праблем са скурай, тэставаў дакладнасць алгарытму распазнавання паталогій. У апублікаванай працы кампанія параўнала дзве версіі, навучаныя на 64 тыс. і 115 тыс. выяў. Для злаякасных новаўтварэнняў адчувальнасць навейшай версіі дасягала 95,4%.

HeartScan, праграма для маніторынгу працы сэрца з дапамогай смартфона, правяраў, як алгарытм распазнае падзеі сардэчнага цыкла. Для гэтага выкарыстоўвалі 7 700+ гадзін запісаў акселерометра ва ўмовах шуму і руху, сабраных з розных мадэляў смартфонаў. Найлепшая версія алгарытму выяўляла момант адкрыцця аартальнага клапана з дакладнасцю 99,8%. Пакуль праца апублікаваная як прэпрынт.

Doctorina, AI-сэрвіс для медыцынскіх кансультацый, пайшоў іншым шляхам: каманда параўнала дыягнастычныя вынікі свайго алгарытму з вынікамі лекараў і іншых AI-мадэляў. Для гэтага выкарыстоўвалі 150 змадэляваных кансультацый першаснай дапамогі. Дыягназ Doctorina супаў з эталонным у 82% выпадкаў супраць 57% у лекараў. Акрамя таго, алгарытм стартапа паказаў найвышэйшую дакладнасць дыягностыкі ў параўнанні з frontier-мадэлямі (Claude Opus 5, GPT-5.6, Gemini 3.1 Pro, Kimi K3). Гэта даследаванне таксама пакуль апублікаванае як прэпрынт.

Праверка алгарытмаў

Skinive

95,4%

Адчувальнасць да злаякасных новаўтварэнняў у навейшай версіі мадэлі. Дзве версіі навучаныя на 64 тыс. і 115 тыс. выяў.

HeartScan

99,8%

Дакладнасць вызначэння моманту адкрыцця аартальнага клапана. 7 700+ гадзін запісаў акселерометра. Прэпрынт.

Doctorina

82% vs 57%

Супадзенне з эталонным дыягназам: Doctorina і лекары. 150 змадэляваных кансультацый. Прэпрынт.

Тут вымяраюць розныя паказчыкі на розных даных. Гэтыя працэнты нельга параўноўваць як рэйтынг прадуктаў.

02Ацэнка зменаў у карыстальнікаў

Калі даследуюць не толькі алгарытм

Flo Health, праграма для жаночага здароўя, даследуе розныя аспекты свайго прадукту. Напрыклад, два пілотныя рандомізаваныя даследаванні з удзелам больш як 400 жанчын тычыліся ролі адукацыйнага кантэнту ў пытаннях менструальнага здароўя, ПМС і ПМДР. Пасля заканчэння даследаванняў, якія доўжыліся тры месяцы, удзельніцы сталі лепш разбірацца ў пытаннях жаночага здароўя і адзначылі паляпшэнне некаторых паказчыкаў. А група з ПМС і ПМДР — змяншэнне выяўленасці сімптомаў. Акрамя таго, кампанія правярала дакладнасць свайго Symptom Checker на змадэляваных выпадках эндаметрыёзу, міёмы і сіндрому полікістозных яечнікаў. У 83–88% выпадкаў высновы кампаніі супалі з ацэнкамі незалежных лекараў. Сёлета Flo зарэгістравала даследаванне функцыі лічбавай кантрацэпцыі.

Goodville, мабільная гульня, якая выкарыстоўвае гульнявыя механікі для падтрымкі ментальнага здароўя, вывучала не алгарытм, а змены ў карыстальнікаў. Кампанія правяла 6-тыднёвае даследаванне больш як 1 700 чалавек з сімптомамі дэпрэсіі. Каля 60% паведамілі пра змяншэнне выяўленасці сімптомаў за гэты перыяд. Але варта адзначыць: даследаванне было назіральным, без рандомізацыі і кантрольнай групы. Гэта значыць, яно фіксавала змены ў карыстальнікаў на той момант, але не даказвала, што менавіта праграма стала іх прычынай.

CleverPoint, платформа для ацэнкі псіхафізіялагічнага стану на аснове EEG/ECG і віртуальнай рэальнасці, выступала не аб’ектам, а інструментам даследавання. З яе дапамогай у 400+ суднавых афіцэраў і інжынераў ацэньвалі рэакцыю мозгу і цела на кагнітыўную нагрузку. У 73,8% удзельнікаў выявілі выяўлены стрэс, а ва ўдзельнікаў старэйшых за 40 гадоў — зніжэнне кагнітыўных функцый ва ўмовах стрэсу. То-бок тут даследавалі не дакладнасць CleverPoint, а стан людзей з дапамогай тэхналогіі.

Па-за межамі алгарытму

Flo Health

Жанчын у двух пілотных рандомізаваных даследаваннях
400+
Супадзенне Symptom Checker з ацэнкамі незалежных лекараў
83–88%

Зарэгістравана даследаванне лічбавай кантрацэпцыі

Goodville

~60%

Паведамілі пра змяншэнне сімптомаў дэпрэсіі. Больш як 1 700 удзельнікаў, 6 тыдняў. Назіральнае даследаванне без рандомізацыі і кантрольнай групы.

CleverPoint

73,8%

Удзельнікаў з выяўленым стрэсам. 400+ суднавых афіцэраў і інжынераў. Платформа была інструментам даследавання стану людзей.

03Клінічная праверка

Ад пілота з 40 дзецьмі да тэставання на 1 000 пацыентаў

Яшчэ тры стартапы, паводле даследавання, знаходзяцца на той ці іншай стадыі клінічнай праверкі. Bloom, AI-нутрыцыёлаг і трэкер харчавання, кажа ў матэрыялах для інвестараў пра тэставанне клінікамі. VR NeuroLink AI, распрацоўшчык VR-тэхналогіі для нейрарэабілітацыі, паведамляе пра праверку прадукту на 1 000+ пацыентаў. MindMuscle, нейрафідбэк-платформа і EEG-гарнітура для дзяцей з СДВГ, — пра пілот з 40+ дзецьмі і працу з пяццю педыятрычнымі клінікамі ў ЗША.

Паколькі метадалогія і вынікі гэтых праверак публічна недаступныя, немагчыма вызначыць, што яны паказалі. Таму гэтыя кейсы ў даследаванні ўлічваюцца асобна ад апублікаваных навуковых прац.

Заяўленая клінічная праверка

Bloom

Клінікі

Паведамляе пра тэставанне ў матэрыялах для інвестараў.

VR NeuroLink AI

1 000+

Пацыентаў, паводле паведамлення кампаніі.

MindMuscle

40+

Дзяцей у пілоце. Праца з пяццю педыятрычнымі клінікамі ў ЗША.

Метадалогія і вынікі публічна недаступныя. Гэтыя кейсы ўлічаныя асобна ад апублікаваных навуковых прац.

04Акадэмічны след

Калі стартап трапляе ў поле зроку навукоўцаў

Яшчэ некалькі стартапаў з выбаркі трапілі ў незалежныя навуковыя працы. Хоць прысутнасць у акадэмічнай літаратуры не азначае адназначнай эфектыўнасці прадукту: у аглядзе можа быць і паўнавартасны аналіз, і простая згадка ў якасці прыкладу.

Напрыклад, Skinive прынамсі двойчы трапляў у поле зроку незалежных даследаванняў: праграму параўноўвалі з іншымі AI-сэрвісамі для аналізу скуры — паводле заяўленай дакладнасці, удзелу лекараў, рэгуляторнага статусу і таго, наколькі поўна прадукт раскрывае інфармацыю карыстальнікам. Stork, праграма для адсочвання цяжарнасці, таксама аналізавалася ў незалежным даследаванні праграм для самакантролю падчас цяжарнасці разам з іншымі прадуктамі.

У той час як Soula прыводзілася як прыклад існага рашэння, а даныя з даследавання Zing Coach выкарыстоўваліся ў межах акадэмічнай публікацыі, але без ацэнкі эфектыўнасці самой праграмы.

Розныя віды акадэмічнага следу
Skinive
Параўнанне з іншымі AI-сэрвісамі для аналізу скуры
Stork
Аналіз у даследаванні праграм для самакантролю падчас цяжарнасці
Soula
Згадка як прыкладу існага рашэння
Zing Coach
Выкарыстанне даных даследавання без ацэнкі эфектыўнасці праграмы

Прысутнасць у навуковай працы сама па сабе не пацвярджае эфектыўнасць прадукту.

05Рэгуляванне, ISO, патэнты

Іншыя прыкметы сталасці: рэгуляванне, ISO, патэнты

Для некаторых хелстэк-прадуктаў даследаваннямі справа не абмяжоўваецца: калі стартап мае намер выкарыстоўваць прадукт у медыцынскіх мэтах, яму давядзецца прайсці працэдуру рэгулявання як медыцынскага вырабу. У выбарцы такі шлях ёсць у дзвюх кампаній: Skinive мае CE-маркіроўку (медыцынскі выраб класа I паводле EU MDR), а VR NeuroLink AI праходзіць сертыфікацыю як медыцынскі выраб класа IIa.

Сярод іншых прыкмет сталасці кампаній — патэнты і стандарты менеджменту. Skinive сертыфікаваны паводле ISO 13485 — стандарту кіравання якасцю пры распрацоўцы медыцынскіх вырабаў. Flo Health мае сертыфікаты ISO 27001 і ISO 27701 у галіне інфармацыйнай бяспекі і прыватнасці даных. Паводле паведамлення кампаніі, гэта адзіная femtech-праграма, сертыфікаваная паводле абодвух стандартаў. MindMuscle атрымаў у ЗША патэнт на сваю EEG-гарнітуру.

Рэгуляванне і іншыя прыкметы сталасці
Skinive
CE · клас I
Медыцынскі выраб паводле EU MDR. ISO 13485 — кіраванне якасцю пры распрацоўцы медыцынскіх вырабаў.
VR NeuroLink AI
Клас IIa · у працэсе
Праходзіць сертыфікацыю медыцынскага вырабу.
Flo Health
ISO 27001 · ISO 27701
Інфармацыйная бяспека і прыватнасць даных.
MindMuscle
Патэнт у ЗША
На EEG-гарнітуру.

06Каментар эксперта

Калі добрых метрык ужо недастаткова

Як бачым, адзінай лесвіцы доказнасці ў HealthTech няма. Алгарытм аналізу сігналаў сэрца або медыцынскае ПЗ для ацэнкі новаўтварэнняў на скуры вырашаюць розныя задачы. Адпаведна, ім патрэбныя розныя даследаванні і розныя ўзроўні доказнасці. Дзе праходзіць гэтая мяжа і ў які момант прадукту ў сферы лічбавага здароўя ўвогуле патрэбная клінічная валідацыя? Каментуе кіраўнік тэхналагічнай кампаніі з шматгадовым досведам распрацоўкі digital health-прадуктаў для амерыканскага рынку, у тым ліку праектаў для буйных шпіталяў і healthcare enterprises. Кампанія рэалізавала некалькі соцень праектаў. Эксперт папрасіў захаваць ананімнасць.

Паказчык утрымання (retention) кажа толькі пра тое, што людзі карыстаюцца прадуктам. Але ён не даказвае эфектыўнасць прадукту.
Кіраўнік тэхналагічнай кампаніі
Эксперт папрасіў захаваць ананімнасць

— У які момант хелстэк-стартапу становіцца недастаткова таго, што прадукт проста падабаецца карыстальнікам і паказвае добрыя метрыкі? Што звычайна прымушае кампанію пераходзіць да клінічнай валідацыі і пачынаць рэгуляторны шлях?

— Калі коратка, то, зыходзячы з нашага досведу, не метрыкі падштурхоўваюць стартап да клінічнай валідацыі. Вырашальнае значэнне маюць два фактары: жаданне стартапа заявіць пра медыцынскія ўласцівасці прадукту і з’яўленне плацельшчыка, адрознага ад самога карыстальніка (напрыклад, клінікі, страхавой кампаніі або працадаўцы). Паказчык утрымання (retention) кажа толькі пра тое, што людзі карыстаюцца прадуктам. Але ён не даказвае эфектыўнасць прадукту, а менавіта гэта і хоча ведаць новы пакупнік.

— Наколькі моцна заяўленая функцыянальнасць (claims) можа мяняць прадукт? Напрыклад, адзін стартап дапамагае лепш разумець сон, другі — выяўляць рызыку захворвання. Тэхнічна яны могуць выкарыстоўваць падобныя AI-мадэлі. Што прынцыпова мяняецца ў другім выпадку?

— Заявы — гэта значыць абяцанні, якія стартап дае карыстальнікам і рынку, — вызначаюць меркаванае прызначэнне прадукту. А менавіта прызначэнне вызначае, ці лічыцца прадукт медыцынскім вырабам. Сама мадэль можа быць ідэнтычнай, але прадукты — рознымі. У залежнасці ад claims мяняецца ўсё, што атачае мадэль: цана памылкі, патрабаванні да даных, працэс распрацоўкі і нават свабода абнаўлення мадэлі.

— Часта стартапы пачынаюць як consumer/wellness/B2C-прадукт, а потым хочуць працаваць з клінікамі, страхоўшчыкамі і лекарамі і сутыкаюцца з зусім іншым узроўнем доказнасці. Што звычайна даводзіцца перарабляць? І што варта было б прадугледзець яшчэ на старце?

— Большую частку пераробак можна прадухіліць, прычым зрабіць гэта адносна нядорага. Вывучыце сітуацыю ў галіне, перш чым пісаць код, і не закрывайце для сябе шлях у сферу медыцыны, нават калі сёння вы ствараеце прадукт для падтрымання добрага самаадчування (wellness-прадукт). Калі ўпусціць гэты момант, то пазней давядзецца перарабляць не інтэрфейс, а саму аснову: даныя, архітэктуру, доказную базу і бізнес-мадэль.

— Што самае дарагое або складанае ў пераходзе ад хелстэк-прадукту, які працуе, да прадукту, які павінен вытрымаць клінічную і рэгуляторную праверку: даныя, даследаванні, архітэктура прадукту, дакументацыя, працэсы або нешта іншае?

— Шчыра кажучы і з доляй іроніі, найдаражэй абыходзіцца час, ужо выдаткаваны на тое, што цяпер даводзіцца перарабляць. Калі казаць сур’ёзна, то з фінансавага пункту гледжання найбольшыя выдаткі звязаныя з клінічнымі доказамі. А з пункту гледжання рызык найнебяспечнейшае — выбраць няправільнае прызначэнне (intended use) або спрабаваць заднім чыслом падагнаць патрабаванні да прадукту, які першапачаткова ствараўся без іх уліку.

Больш падрабязна пра тое, што варта мець на ўвазе стартапам да таго, як узнікне неабходнасць клінічнай валідацыі прадукту (праца з данымі, архітэктура, дакументацыя, бізнес-мадэль), чытайце неўзабаве на BYGRID.

Падзяліцца