Мацвей Грамовіч на фоне будынка са шкляным фасадам

Мацвей ГрамовічФота: з асабістага архіва суразмоўцы.

ІНТЭРВ’ЮГIСТОРЫЯ ФАЎНДАРА

«Мне падабаецца, калі два плюс два — пяць». Мацвей Грамовіч пра Capitaliply, фонд, які купляе Shopify-праграмы

Мацвей Грамовіч купляе Shopify-праграмы з гадавой рэгулярнай выручкай (ARR) ад $500 тыс. да $3 млн. У партфелі ўжо восем прадуктаў. Шэсць купіў фонд Capitaliply, два стварыла каманда CPTN. Імі карыстаюцца каля 14 тыс. кампаній па ўсім свеце, прыкладна 40% з іх — у ЗША. Напярэдадні Future Leaders Forum у Варшаве, дзе Мацвей выступіць як адзін з фаўндараў са спісу Next 35, мы абмеркавалі стратэгію набыццяў Capitaliply, будучыню электроннага гандлю і ўрокі Zodier — стартапа для знаёмстваў з 4 млн спампоўванняў, які закрыўся пасля зрыву інвестыцыйнага раўнда.

Тэкст: Юлія Няхай7 хв чытання

Змест

01Чаму закрыўся Zodier

Zodier: Forbes, зрыў раўнда і касавы разрыў

Хацелася б пачаць з Zodier, праграмы для знаёмстваў. За некалькі гадоў вы набралі 4 млн спампоўванняў, пра вас пісаў амерыканскі Forbes, і, здавалася, усё ішло добра. Але вы паставілі праект на паўзу, а потым і зусім закрылі. Што здарылася?

— Цяжкасці пачаліся ў 2022-м. Мы ўжо крыху зараблялі, але засяроджваліся на хуткім росце. У пачатку лютага запусцілі знаёмствы ў Instagram, і яны добра пайшлі. А ў пачатку сакавіка Facebook заблакаваў праграму праз сувязь з беларускай кампаніяй.

У той момант мы збіралі інвестыцыі, і раўнд сарваўся: многія інвестары паставілі ўкладанні на паўзу. У нас здарыўся касавы разрыў. Да таго ж мы якраз атрымалі грант ад Google на $100 тыс., але Zodier усё яшчэ працаваў на серверах Amazon. Мы не паспелі перанесці ў Google сэрвіс з базай у некалькі мільёнаў карыстальнікаў. Серверы Amazon каштавалі дорага, і праз пару тыдняў мы вырашылі іх выключыць.

У пераходны перыяд мы паспрабавалі заняцца аўтстафінгам. І гэта таксама нядрэнна працавала, да лістапада 2022 года. Адным словам, напружаны быў год. Усё ламалася паўсюль.

02Як Capitaliply выбірае праграмы

Capitaliply: што купляе фонд і як уладкаваныя здзелкі

Тваім наступным бізнесам стаў Capitaliply. Чым вы займаецеся і як фонд звязаны з CPTN?

— Capitaliply — фонд прамых інвестыцый, які купляе актывы, а CPTN — прадуктовая каманда, якая імі займаецца. Цяпер у партфелі восем прадуктаў: шэсць купілі, два зрабілі самі. Сярод іх ёсць інструменты, каб прадаваць тавары па падпісцы, прымаць перадаплату, дзяліць плацяжы на часткі і збіраць тавары ў наборы.

Мы купляем прадукты ў экасістэме Shopify, развіваем і аб’ядноўваем іх. Пакуль набывалі толькі актывы, бо так прасцей аформіць здзелку. Але ўжо гатовыя купляць і кампаніі. Магчыма, на пачатку наступнага года. У 2026 годзе разгледзелі больш за 20 кампаній, з некалькімі цяпер на этапе падпісання term sheet або ліста аб намерах (LOI).

Нас цікавяць B2B SaaS-праекты з гадавой выручкай ад паўмільёна да трох мільёнаў долараў. Таксама хочам, каб фаўндары заставаліся ў бізнесе хаця б год і дапамагалі нам інтэграваць яго ў агульную структуру. Умовы здзелкі для нас важнейшыя за ацэнку. Заяўленая ацэнка можа быць вельмі высокай, але за ёй стаяць мэты, якіх фаўндары павінны дасягнуць разам з намі за гэты год.

Навошта фаўндару прадаваць прыбытковы бізнес? І калі ён атрымлівае грошы?

— Для фаўндараў гэта звычайны экзіт, часцей за ўсё з аплатай цалкам грашыма. Частка грошай ідзе на пачатку, частка — праз тры-шэсць месяцаў, пасля перадачы асноўных доступаў і ведаў пра бізнес. Астатняе — у залежнасці ад дасягнутых вынікаў праз год ці пазней, як дамовімся.

Навошта прадаюць? Калі ў цябе тры мільёны выручкі і ты сам пабудаваў гэты бізнес, можна жыць даволі камфортна. Хтосьці хоча ўкласці гэтыя грошы ў іншы бізнес, а хтосьці — адысці ад спраў. Для фаўндара венчурнага стартапа важна ў некалькі разоў павялічыць грошы інвестараў. Тут жа найчасцей гаворка пра праекты, якія гадамі будавалі за ўласныя сродкі.

Як вы вызначаеце, колькі гатовыя заплаціць?

— Мы фінансавыя пакупнікі, а не стратэгічныя. Глядзім на ўнутраную норму даходнасці здзелкі (IRR) і мультыплікатар да EBITDA. Нам патрэбны свабодны грашовы паток, каб прафінансаваць частку здзелкі за кошт пазыкі. Напрыклад, здзелка на тры мільёны. Паўтара мільёна — інвестыцыі, паўтара — крэдыт. Гэты крэдыт мы абслугоўваем за кошт выручкі той самай кампаніі.

03Навошта аб’ядноўваць Shopify-праграмы

Чаму Shopify і як працуе M&A-камбайн Capitaliply

Чаму вы засяродзіліся на экасістэме Shopify, а не, напрыклад, Amazon ці Salesforce? Чым Shopify-праграмы падыходзяць для гэтай мадэлі?

— Я сам працаваў з Shopify-праграмамі. Мой партнёр Дзмітрый Крук працаваў з імі гадоў сем-восем і зрабіў паспяховы экзіт. Я зразумеў, што мне падабаецца мадэль, калі два плюс два — пяць. Ты купляеш розныя кампаніі і аб’ядноўваеш іх, і разам яны каштуюць даражэй, чым паасобку. Гэта мадэль roll-up.

Ва ўсіх праграм, якія мы купілі ці самі стварылі, адна і тая ж аўдыторыя. Мы можам рабіць іншыя прадукты і прадаваць іх сваім жа карыстальнікам. Да таго ж кампаніі, якія мы купляем, падобныя, таму падыходы да ацэнкі, due diligence, інтэграцыі і развіцця прыкладна аднолькавыя. Сутыкаешся з тымі ж праблемамі і вырашаеш іх зноў і зноў. Кожную наступную кампанію прасцей уключыць у працэс. У нейкі момант гэта мусіць стаць M&A-камбайнам: мы купляем зноў і зноў, і кожная новая кампанія павялічвае выручку. Пры гэтым выручка прадуктаў, якія ўжо ў партфелі, таксама расце.

Адкуль у праграм бяруцца кліенты?

— У Shopify App Store больш за 20 тысяч праграм. Па-першае, яны растуць арганічна: карыстальнікі ўвесь час спрабуюць розныя прадукты ў краме. Па-другое, дапамагаюць партнёрствы. Мы працуем наўпрост з агенцтвамі, якія дапамагаюць усталёўваць праграмы сваім буйнейшым кліентам.

Гэта нешта сярэдняе паміж арганічным ростам і B2B-продажамі. Уладальнікі крам часта звяртаюцца ў падтрымку. І тое, як мы з імі працуем, не менш важна за функцыі праграмы, яе цану і рэкламу.

Што адбываецца пасля таго, як вы купілі праграму?

— Мы інтэгруем яе ў сваю экасістэму і развіваем. У нас свой AI-рухавік для падтрымкі, маркетынгу, прадуктовай аналітыкі, распрацоўкі і тэставання. Гэта паскарае працу з новымі праграмамі.

Калі залежнасць ад платформы шкодзіць бізнесу?

— Сёння адзін з найсур’ёзнейшых выклікаў — патрабаванні да бяспекі прадуктаў. Shopify істотна іх узмацніў. Калі праграма ім не адпавядае, яе блакуюць. Выдаленне з крамы — не катастрофа, але гэта праблема: новыя карыстальнікі перастаюць прыходзіць, а старыя працягваюць сыходзіць. Выручка пачынае падаць. Потым цяжка зноў падняцца ў рэйтынгу і вярнуць арганічны трафік.

Мацвей Грамовіч і Дзмітрый Крук на Shopify Editions у Таронта

З Дзмітрыем Круком на Shopify Editions у Таронта.Фота: з асабістага архіва суразмоўцы.

Франтэнд, да якога мы прызвычаіліся ў інтэрнэт-крамах, цалкам можа знікнуць. Будуць іншыя інтэрфейсы.
Мацвей Грамовіч

04Як AI змяняе анлайн-пакупкі

Як AI змяняе электронны гандаль: вайбкодынг і чат-боты

Як вайбкодынг уплывае на рынак праграм? І што AI змяняе ў самім электронным гандлі?

— За апошні год было шмат прыкладаў, калі ў фаўндара ў краме магло быць сто праграм. Але цяпер Shopify зрабіў адбор больш строгім: каб запусціць другі прадукт, першы мусіць набраць пэўную колькасць усталяванняў.

На мой погляд, Shopify сярод лідараў па ўкараненні AI. Галоўная тэндэнцыя, якую я бачу, — электронны гандаль пераходзіць у чат-боты. Франтэнд, да якога мы прызвычаіліся ў інтэрнэт-крамах, цалкам можа знікнуць. Будуць іншыя інтэрфейсы. Раней галоўная каштоўнасць Shopify была ў тым, што ён утрымліваў карыстальнікаў праз гэты франтэнд. А цяпер бэкэнд набывае большае значэнне, бо незразумела, праз які інтэрфейс людзі будуць рабіць пакупкі ў бліжэйшай будучыні.

Бывала, што вы засыналі з адной выручкай партфельных кампаній, а прачыналіся з іншай праз навіны пра тарыфы?

— Не. Больш за тое, мы купілі UpCharge, праграму для працы з камісіямі, якраз у «эпоху тарыфаў» Трампа, у тым ліку праз гэтыя тарыфы. Прадукт сталі купляць часцей, сама ніша істотна вырасла. За год праграма вырасла прыкладна на 60%.

Мацвей Грамовіч каля Ніягарскага вадаспада

Фота: з асабістага архіва суразмоўцы.

Фонд і стартап гуляюць у адну гульню, але ў іх розная матэматыка. Фонд робіць дзясяткі ставак, і яму дастаткова, каб спрацавалі адна-дзве. А фаўндар робіць адну стаўку, і на коне — гады жыцця, рэпутацыя і грошы.
Мацвей Грамовіч

05Як расці без новых раўндаў

Пра рост без разліку на наступны раўнд

Якой кампаніяй ты хочаш бачыць Capitaliply праз пяць гадоў?

— Я бачу яго як прадуктовы холдынг, які будзе расці за кошт M&A — куплі і інтэграцыі кампаній. Пачынаем з Shopify. З часам можам выйсці і ў іншыя экасістэмы, калі набяромся досведу ў працы з пазыкамі, інтэграцыі і ацэнцы кампаній ды ў юрыдычных пытаннях. Якасны due diligence — асобная праца.

Як пасля Zodier змянілася тваё стаўленне да венчурнай мадэлі?

— Тое, што здарылася ў стартапе, моцна змяніла мой погляд на бізнес. Я зразумеў, што хачу будаваць устойлівы бізнес, які не залежыць ад таго, ці ўдасца прыцягнуць раўнд.

Фонд і стартап гуляюць у адну гульню, але ў іх розная матэматыка. Фонд робіць дзясяткі ставак, і яму дастаткова, каб спрацавалі адна-дзве. А фаўндар робіць адну стаўку, і на коне — гады жыцця, рэпутацыя і грошы. У стартапах часта ўсё працуе супраць цябе: час, рынак, новыя тэхналогіі. Я добра стаўлюся да стартапаў, але будаваў бы іх з канкрэтнымі мэтамі па выручцы, прыбытку і ўстойлівасці.

У ЗША ёсць доступ да фінансавання, людзі гатовыя рызыкаваць і правяраюць шмат гіпотэз. У нас гатоўнасць да рызыкі меншая. Калі адна стаўка не спрацавала, цяжка зноў стаць на ногі, а тым больш пачаць іншы праект. Падрабязней пра ўсё гэта раскажу падчас Future Leaders Forum & Gala.

Што б ты сёння параіў фаўндару з беларускімі каранямі, які толькі пачынае?

— Я перакананы, што ў Польшчы ці дзе заўгодна ў Еўропе лепш будаваць устойлівы бізнес. Пры гэтым можна хутка расці. Ставіць усё на праект, якому трэба шмат венчурных інвестыцый, занадта рызыкоўна праз асаблівасці доступу да капіталу і ведаў, а таксама культурныя адрозненні. Здаецца, лепш спачатку выйсці на ўстойлівую працу, а потым расці крок за крокам.

Калі матэрыял быў карысны, пачастуйце рэдакцыю кавай. Ваша падтрымка дапамагае нам працягваць размаўляць з фаўндарамі і дзяліцца іх досведам.

Пачаставаць рэдакцыю кавай (адкрыецца ў новай укладцы)
Падзяліцца